Беларус прапаноўваў Лукашэнку павялічыць футбольную браму на 1,5-2 метра

Былы кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас даў вялікае інтэрв'ю сайту tribuna.com. У ім ён распавёў і пра кур'ёзныя выпадкі, якія адбыліся ў тыя часы.

Нявыглас прыгадвае, што ў федэрацыю прыходзіла вельмі шмат лістоў. Некаторыя прапановы заўзятараў былі рэалізаваныя, але былі і іншыя, да якіх без гумару немагчыма было ставіцца.

"Адзін жыхар Гродзенскай вобласці стабільна раз у месяц пісаў ліст на маё імя, — успамінае Генадзь Нявыглас. — Усё хацеў палепшыць футбол. У апошнім яго лісце гаварылася літаральна наступнае: "Усё ж можна вельмі лёгка палепшыць! Як вы не разумееце?! Вось наведвальнасць. Гэта ж проста. Наведвальнасць залежыць ад галоў. А галоў мала. А чаму мала галоў?! Таму што маленькая брама! Трэба пашырыць яе на паўтара і два метра. І тады будзе шмат галоў. А калі будзе шмат галоў, будзе і наведвальнасць".

Паводле слоў Нявыгласа, федэрацыя футбола адказала мужчыне, што яго пажаданні будуць улічаныя. Але яго гэта не задаволіла. "Ён напісаў на імя кіраўніка дзяржавы, — распавядае былы старшыня федэрацыі. — Праўда, я тады працаваў у адміністрацыі прэзідэнта, таму ліст зноў трапіў да мяне. Мужчына скардзіўся: "Аляксандр Рыгоравіч! Вось Нявыглас — ён жа нічога не разумее! Вы хоць разбярыцеся!".

Гэтую гісторыю Генадзь Нявыглас распавёў Аляксандру Лукашэнку і апошні доўга смяяўся.

Нагадаем, Нявыглас кіраваў Беларускай федэрацыяй футбола ў 2003-2011 гадах. Адначасова ён быў сакратаром Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь (у 2001-2006 гадах), ачольваў Адміністрацыю прэзідэнта (у 2006-2008 гг.).

Фота: tribuna.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі