Беларусь хоча атрымаць ад РФ кампенсацыю — запозна здалі ў эксплуатацыю БелАЭС

Беларуская АЭС будавалася на расійскі крэдыт

Беларуская АЭС будавалася на расійскі крэдыт / Еўрарадыё

Беларусь хоча атрымаць ад Расіі кампенсацыю "ў сувязі са зрушэннем тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю БелАЭС". Пра гэта ў аўторак заявіў Аляксандр Лукашэнка, слухаючы даклад аб завяршэнні будаўніцтва станцыі. Паводле яго слоў, гэтае пытанне ўжо паставілі перад расійскім бокам.

"У нас трохі зрушыліся тэрміны ўводу ў эксплуатацыю атамнай станцыі праз расійскі бок, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Натуральна, па дамове мы паставілі перад імі пытанне аб кампенсацыях. Гэта хаваць не трэба. Нічога там надзвычайнага не было. Але такія пытанні былі пастаўленыя ў сувязі з тым, што парушаныя тэрміны ўводу станцыі, і адказнасць за гэта нясе расійскі бок. Яны нам прапанавалі варыянты і па кошце на свежае ядзернае паліва — як для расіян, як для сваіх станцый. І тэрмін гарантыйны на пяць гадоў [на асноўныя вузлы]".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што не трэба "празмерна... напружваць расіян". Але тут жа дадаў: "Дамова ёсць дамова".

Беларуская АЭС будавалася за крэдыт, які Расія выдала Беларусі (агульная яго сума — 10 млрд долараў). Першапачаткова РБ мусіла пачаць выплаты з 1 красавіка 2021 года. Але тады беларускія чыноўнікі ўгаварылі расійскія ўлады адтэрмінаваць іх на два гады — да 1 красавіка 2023-га. Сёлета тэрміны зноў перанеслі.

У выніку Лукашэнка нічога пакуль не заплаціў Расіі, але хоча, каб яна перавяла ў Мінск яшчэ грошай. Але расіяне прапанавалі іншыя варыянты "кампенсацыі". На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі вырашалі, ці пагаджацца на іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі