Вы тут

"Белаконеў прасек фішку": Лебядок пра "залаты час" для адданых чыноўнікаў

Зараджаны энергіяй ад поціску рукі Лукашэнкі ваенкам Андрэй Крываносаў / Еўрарадыё

Пасля гібелі афіцэра КДБ Дзмітрыя Федасюка дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а ў мінулым начальнік Генштаба УС РБ Алег Белаконеў выказаўся пра тое, што трэба рабіць з беларусамі, якія знаходзяцца па той бок барыкад: "Мачыць у сарціры, як Пуцін сказаў, за аднаго — 20, 100, каб не было непанадна нікому".

Што значаць такія словы, якія прагучалі з вуснаў генерала: спроба паказаць сваю адданасць або негалосная інструкцыя да дзеяння для сілавых структур?

— Белаконеў — гэта ідэальны сімвал бягучага моманту. На нядаўняй нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта прагучалі выказванні пра тое, што патрэбна "чысціня кадраў" і "адданыя людзі", — расказвае ў эфіры Еўрарадыё ваенны эксперт Ягор Лебядок. — І прагучала таксама, адкуль браць гэтыя кадры. Першае — гэта палкоўнікі і генералы, і другое — людзі з рэгіёнаў.

Белаконеў злавіў момант у тым ключы, што цяпер Хрэнін [міністр абароны. — Еўрарадыё] становіцца намінальным кіраўніком. Руліць альбо Вальфовіч, як старшыня Савета бяспекі, альбо Гулевіч, як начальнік Генеральнага штаба. Хрэнін, умоўна кажучы, для падпісання папер. Белаконеў якраз "прасек фішку" — і многія яго ўзросту прасякаюць — што вось ён, момант, калі "можна рваць".

Успомніце класіку, тоўстага ваенкама, які бегаў, нешта крычаў і стаў на ўсю краіну вядомы. Вось і ў Белаконева гэты шанц.

А што там з міграцыйным крызісам? Ужо ёсць смерці людзей, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз беларускую мяжу. Да таго ж Польшча і Літва пастаянна заяўляюць пра правакацыі з боку беларускіх памежнікаў. Як ацэньваць нядаўнія падзеі на мяжы?

— Гэта працяг нагнятання абстаноўкі, — упэўнены Ягор Лебядок. — Датычна мігрантаў ёсць цікавы кейс — словы Кубракова пра тое, што "ўсё пад кантролем". Праблема ў тым, што гэта ўсё выходзіць з-пад кантролю. Раней гэта былі мэтанакіраваныя патокі, калі мігранты ехалі і ведалі, куды і да каго едуць. Цяпер з'явілася вельмі шмат ініцыятыўных хлопцаў, тых жа іракцаў і іншых, якія самі прапануюць, як прайсці і гэтак далей.

Кейс са смерцямі — калі раней ён трошкі працаваў, прыпыняў цэнтралізаваныя групы мігрантаў, то цяпер атрымліваецца, што гэтых груп і прапаноў становіцца вельмі шмат. Улічваючы, што тыя людзі не валодаюць інфармацыяй пра тое, што адбываецца тут, то паток не памяншаецца.

Датычна памежнікаў — гэта як гульня двух бакоў, якія канфліктуюць. Гэта натуральная рэч, якая, на жаль, можа прывесці да канфлікту. А магчымасць канфлікту паміж памежнікамі не знізілася.

4 кастрычніка польскія памежнікі заявілі, што знайшлі макет СВП на беларуска-польскай мяжы / Еўрарадыё

"Танцы з бубнамі" вакол рэформы Канстытуцыі: ці атрымаецца ў чыноўнікаў і рыбку з'есці, і застацца пры ўладзе?

— Ніякага сэнсу абмяркоўваць усе рухі цела па Канстытуцыі я не бачу да таго моманту, пакуль не будзе подпісу над праектам або пакуль асабіста Лукашэнка не скажа, што, маўляў, гэта той праект, які я вылучаю. Да гэтага гэта ўсё танцы з бубнам для забавы палітолагаў.

Там "паюзалі" нейкіх палітолагаў, Васкрасенскіх і да таго падобнае, далі ім паказаць, што вось яна, прэзентабельнасць народа. На самай справе будзе вырашаць група юрыстаў Лукашэнкі. Не дасць ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] нікому пісаць Канстытуцыю, акрамя сваіх правераных людзей, якія напішуць тое, што трэба.

Ужо не раз згадвалася, што сярод беларускіх чыноўнікаў з ліку "нейтралаў" існуе "італьянская" забастоўка. Ці так гэта?

— Натуральна. Нездарма ж ён [Лукашэнка. — Еўрарадыё] кажа ўжо не першы раз пра "шостую калону", якую шукаюць, і іншае. Тут якраз і [з'яўленне. — Еўрарадыё] Белаконева, і тое, што "трэба палкоўнікаў і людзей з рэгіёнаў". Гэта прывядзе да таго, што спецыялісты, якія засталіся ў вертыкалі, убачаць, што некампетэнтныя, тыя, хто імкнецца ручку паціснуць, "энергію перадаць", становяцца начальнікамі.

"Італьянскія" забастоўкі будуць не з намеру, не з жадання сабатаваць, а проста праз дурныя распараджэнні. І гэта, хутчэй, ідзе на шкоду Лукашэнку, таму што ўсе яго мегараспаражэнні не выконваюцца, а для краіны гэта, магчыма, сапраўды будзе ў плюс. Акрамя адданасці павінны быць кампетэнтныя, а ў нас [сярод чыноўнікаў. — Еўрарадыё] кампетэнцыя і адданасць не карэлююць. Прыход вось такіх "з рэгіёнаў" выкліча дадатковае напружанне ў сістэме, бо яны па галовах гатовыя ісці, але ўзроўню кампетэнцыі ў іх няма — акрамя як у якасці "крэпкага хазяйственіка", які ў выканкаме можа спісаць, умоўна, нейкія крэдыты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.