БАЖ ладзіць акцыю ў падтрымку беларускіх фрылансераў

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ладзіць месячную акцыю падтрымкі беларускіх журналістаў-фрылансераў. 

“За апошнія месяцы менавіта пытанне прыцягнення да адказнасці журналістаў, матэрыялы якіх з’яўляліся ў замежных сродках масавай інфармацыі, стала галоўнай праблемай, — тлумачыць абраную тэматыку намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Пачынаючы ад красавіка за такую дзейнасць было ўжо шэсць штрафаў журналістаў і ўзбуджалася 11 справаў. Таму менавіта да гэтай праблемы мы і жадаем прыцягнуць увагу”.

Акцыя БАЖ з’яўляецца адгалінаваннем сусветнай кампаніі "Станем за журналістыку!". Яна ладзіцца сёмы год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ). На працягу тыдня журналісты ва ўсім свеце ладзяць акцыі пратэсту, сяброўскія сустрэчы, прэзентацыі, семінары, якія мусяць прыцягнуць увагу грамадскасці да самых надзённых праблем.

“Ніхто не ведае, якая кропка можа стаць апошняй! Я не ведаю, ці можам мы дасягнуць поспеху, але дакладна ведаю, што нічога не зменіцца, калі нічога не рабіць, — дзеліцца чаканнямі ад акцыі Андрэй Бастунец. — Першае, чаго б мы хацелі, каб хваля пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі медыя спынілася. Бо, на мой погляд, гэта парушае і наша заканадаўства, і канстытуцыю, і міжнародныя абавязальніцтвы нашай краіны. У ідэале хацелася б, каб былі адмененыя ўсе тыя судовыя рашэнні, якія ўжо былі вынесеныя супраць журналістаў”.

Да канца лістапада ў офісе ГА “БАЖ” (Мінск, вул. Камсамольская, 7-32) будзе стаяць шчыт з выявай журналіста-вязня, які “друкаваўся на замежных сайтах”, “выступаў на замежным ТБ і радыё” і за гэта быў пакараны. Усе ахвочыя могуць адчуць сябе “ў скуры” беларускага журналіста і сфатаграфавацца на памяць. 

Для жадаючых паўдзельнічаць у акцыі online на сайце “БАЖ” стартавала адмысловая старонка “Акрэдытацыя”.

Фота — БАЖ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі