БАТЭ прайграў данецкаму “Шахцёру” з антырэкордным лікам 0:7 (відэа)

Барысаўскі БАТЭ ў трэцім матчы групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў разгромлены на сваім полі данецкім “Шахцёрам” — 0:7. Прычым 6 галоў уляцелі ў вароты беларускай каманды яшчэ ў першым тайме, адзін з іх — з пенальці.

У другім тайме абаронца БАТЭ Філіп Младэнавіч памыляецца ў штрафной, і суддзя прызначае яшчэ адзін адзінаццаціметровы, які ўпэўнена рэалізуе герой матча Луіс Адрыяна. На яго рахунку 5 мячоў у вароты БАТЭ.

Галы:

11 хвіліна Алекс Тайшэйра

28 хв. Луіс Адрыяна (з пенальці)

35 хв. Дуглас Коста

37 хв. Луіс Адрыяна

40 хв. Луіс Адрыяна

44 хв. Луіс Адрыяна

82 хв. Луіс Адрыяна (з пенальці)

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч так пракаментаваў вынік:

“Цяжка рабіць нейкія каментарыі пасля такой гульні, лік гаворыць сам за сябе. Цалкам правалены першы тайм. Хочацца папрасіць прабачэння за такую гульню перад заўзятарамі. Каманды паказалі гульню рознага ўзроўню, лік, напэўна, заканамерны”.

На пытанне пра адсутнасць у складзе траўмаванага абаронцы Ягора Філіпенкі Ермаковіч адзначыў:

“Вядома Ягор — адзін з лідэраў, складана без яго. Але каманда, што ўдзельнічае ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, не павінна залежаць ад аднаго гульца. Калі мы прайграем з такім лікам, вядома, камандзе не хапае і характару таксама”.

У сваю чаргу настаўнік “ШахцёраМірча Лучэску распавёў, што іх штаб вельмі добра вывучыў БАТЭ, таму ўдалося прэсінгаваць і забіваць. Аднак, адзначыў трэнер, у другім матчы ў Львове будзе не так проста.

“Перамога заканамерная. Але ў гульні ў адказ БАТЭ паўстане перад намі іншай камандай. Нас чакае цяжкая гульня ў Львове”.

Як заўважае спартовы сайт by.tribuna.com, паражэнне БАТЭ ад “Шахцёра” стала самым буйным у гісторыі барысаўскага клуба. Да гэтага антырэкордам лічыўся матч кваліфікацыі Кубка УЕФА-1999/00 з “Лакаматывам”, калі жоўта-сінія саступілі 1:7.

Нагадаем, у 1-м туры сёлетняй Лігі чэмпіёнаў БАТЭ быў разгромлены “Порту” (0:6). У другім матчы барысаўчане перамаглі “Атлетык” (2:1). Цяпер беларускі клуб з трыма ачкамі займае ў сваёй групе трэцяе месца. Узначальвае табліцу партугальскі “Порту”, які дома перайграў “Атлетык” (2:1).

Група Н

  1. Порту — 7
  2. Шахцёр — 5
  3. БАТЭ — 3
  4. Атлетык — 1

Фота: tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі