Бароўскі: У нас хапае годных трэнераў, але наўрад ці нехта пойдзе ў зборную

Бароўскі: У нас хапае годных трэнераў, але наўрад ці нехта пойдзе ў зборную

Адстаўка Аляксандра Хацкевіча для футбольных спецыялістаў стала нечаканасцю. Вельмі многія не хочуць пра гэта размаўляць. Тым часам нацыянальная зборная працягвае боўтацца на дне футбольнага свету. Пры гэтым у камандзе няма ніводнага футбаліста з топ-клубаў.

Але былы трэнер зборнай Беларусі Анатоль Байдачны (займаў пасаду ў 2003-2005 гадах) не сумняваецца, што з такімі гульцамі магчыма выходзіць у фінальныя стадыі топ-турніраў. 

Бароўскі: У нас хапае годных трэнераў, але наўрад ці нехта пойдзе ў зборную

“Натуральна, гэта магчыма! Але гэта залежыць ад арганізацыі футбола ў краіне, ад стварэння пісьменнай структуры. І, натуральна, ад трэнера, які дае накірунак як галоўнакамандуючы. У першую чаргу, трэба палепшыць вучэбна-трэніровачны працэс. У клубах, у дзіцячых спартыўных школах — паўсюль. Перавесці гэта ўсё на навуковы грунт. Тады і будзе толк”, —мяркуе Байдачны. 

Пры гэтым спецыяліст не называе прозвішчы трэнераў, якія маглі б даць правільны накірунак зборнай. Адзінае, на думку Байдачнага, што гэта павінен быць беларус, “які б любіў краіну і разумеў менталітэт футбалістаў”. 

Бароўскі: У нас хапае годных трэнераў, але наўрад ці нехта пойдзе ў зборную

Сяргей Бароўскі: Нашы футбалісты здольныя на аднаразовыя подзвігі

 

“Для таго, каб дасягаць выніку, мала толькі гульцоў і трэнераў. Неабходна сістэмная праца з футбалістамі, сістэмны праект, як павінны жыць усе зборныя. Я не ведаю, з якіх часоў кажуць пра Інстытут зборных, каб было супольнае разуменне, у што мы хочам гуляць. Але словы не пераўтвараюцца ў справы”, — акрэслівае галоўную праблему настаўнік мінскага “Дынама” Сяргей Бароўскі, які ў 1990-х кіраваў і галоўнай камандай краіны.

Спецыяліст перакананы, што вынікі нацыянальнай зборнай залежаць ад стану моладзевых зборных. Вось адкуль павінны пачынацца змены. Каб кожны беларус зразумеў, што маецца на ўвазе, Бароўскі падмацоўвае свае словы прыкладам. 

“Калі паглядзець на гісторыю юніёрскіх, юнацкіх і моладзевых чэмпіянатаў, то тыя, хто перамагаў, у перспектыве праз 5-6 год ярка выступалі на дарослых чэмпіянатах свету і Еўропы. Іспанцы з 1964 года нічога не маглі выйграць. І тады яны ў першую чаргу змянілі структуру падрыхтоўкі юнацкіх каманд і зборных. І ў іх вырасла пакаленне чэмпіёнаў. Таксама немцы некалі перасталі выйграваць. І ў першую чаргу яны змянілі структуру працы з дзіцячымі камандамі. Тое самае і бельгійцы зрабілі. І сёння ёсць маладая і перспектыўная зборная, якая ва ўсіх на вуснах, і ад якой увесь час чакаюць, што яна стрэліць”. 

Еўрарадыё: Але і беларускія моладзевыя зборныя гулялі паспяхова. І тыя гульцы, і тыя трэнеры потым пераходзілі ў нацыяналку. Але выніку ўжо не было.

Сяргей Бароўскі: Калі ёсць таленавітыя гульцы, то можна часам выстрэльваць. Так як БАТЭ перамагалі “Баварыю” і іншыя топ-клубы. Але потым былі паразы ад невядомых каманд. Нашы футбалісты здольныя на аднаразовыя подзвігі. Але каб пастаянна быць канкурэнтаздольнымі, патрэбна сістэмная работа і ў клубах, і ў зборных.

Галоўная задача трэнера, на думку Бароўскага, — гэта ўменне мабілізаваць гульцоў. Што тычыцца кваліфікацыі беларускіх спецыялістаў, то гэта, як ні дзіўна, найменшая праблема.

“Я не думаў пра тое, хто мог бы ўзначаліць зборную. З Хацкевічам усё адбылося нечакана. Якраз спецыялістаў годных у Беларусі хапае. Ганчарэнка, Конанаў і Кучук. Але наўрад ці хто пойдзе ў зборную. Усё адно глядзяць на расійскія клубы, дзе добрыя зарплаты і добрыя гульцы. Калі ім прапаноўвалі ісці ў зборную, усе адмовіліся. Ніхто туды не хоча”. 

Бароўскі: У нас хапае годных трэнераў, але наўрад ці нехта пойдзе ў зборную

Васіль Хамутоўскі: Не думаю, што ў Албаніі і Ісландыі ў футбалістаў вышэйшы ўзровень, чым у нашых

 

“Калі мы адкідваем Ліпі і Анчэлоці, то і з беларусаў у нас ёсць выдатныя спецыялісты, якія праявілі сябе трэнерамі топ-узроўню. Магу адразу назваць траіх: Ганчарэнку, Конанава і Кучука. Я не ведаю, наколькі Федэрацыя можа дазволіць сабе такіх трэнераў у фінансавым плане, але гэтыя спецыялісты могуць даць зборнай вельмі шмат, я лічу”, — разважае трэнер “Крумкачоў” Васіль Хамутоўскі.

Еўрарадыё: Хацкевічу плацілі 240 тысяч долараў у год. Названыя спецыялісты зарабляюць у разы больш. Выглядае, што Федэрацыя ўсё ж не можа іх сабе дазволіць.

Хамутоўскі: Яшчэ і не кожны трэнер хоча ўзначальваць нацыянальную зборную. Таму што гэта іншы фармат, гэта не штодзённая карпатлівая праца ў клубе. Складана супастаўляць гэтыя дзве пасады і ў фінансавым плане. Але тыя, каго я назваў, – гэта людзі, якія маюць фінансавы дабрабыт.  Для іх у першую чаргу можа быць важным прэстыж. Уяўляеце, калі б адзін з гэтых трэнераў вывеў зборную ў фінальную частку! Ён бы зрабіў сваё імя яшчэ больш гучным.

Еўрарадыё: Безумоўна, гэта была б гістарычная падзея.

Хамутоўскі: Можа быць, варта пры невялікім заробку прапісаць значныя бонусы для трэнера пры выхадзе ў фінальную частку. Праблемаў тут няма. Усе ведаюць, што зборная за выхад на еўра ці чэмпіянат свету атрымлівае сур’ёзныя бонусы ад УЕФА ці ФІФА. 

Еўрарадыё: Ці лічыце вы, што з сённяшнім пакаленнем футбалістаў мы маглі б прэтэндаваць на прагрэс?

Хамутоўскі: У фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы былі і Албанія, і Ісландыя. Я не думаю, што там футбалісты мацнейшага ўзроўню, чым нашы. Таму нават з гэтым пакаленням футбалістаў у нас ёсць магчымасці выходзіць у фінальныя стадыі чэмпіянатаў. Калі не свету, то Еўропы дакладна. Я лічу, што і сённяшняе пакаленне зборнай вартае гэтага. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі