Вы тут

Бакей: "Калі, як не цяпер, нам аб'ядноўвацца і паспрабаваць нешта змяніць"

Бакей / Еўрарадыё

Папулярны мінскі рэпер Бакей выказаўся пра падзеі, што адбываюцца ў краіне: "Па адчуваннях, гэта нейкае сярэднявечча, таму што людзей могуць проста затрымаць на вуліцы і зацягнуць у бус". Па словах хіп-хоп-выканаўцы, яго палохае і адначасова смешыць тое, як "людзі спрабуюць утрымацца на сваім наседжаным месцы".

"Мне вельмі прыемна, што цяпер усе актывізаваліся, што цяпер усе хочуць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, выказацца. І гэта вельмі добра, таму што калі, як не цяпер, нам аб'ядноўвацца і паспрабаваць нешта змяніць. Вядома, не факт, што нашы дзеянні прывядуць да нейкага станоўчага выніку, але калі не паспрабаваць, тады нічога не адбудзецца", — звярнуўся Бакей да сваіх падпісчыкаў у Instagram.

Да выбараў яшчэ паўтара месяца, а двое супернікаў Лукашэнкі ўжо сядзяць. Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня ў Гродне, экс-банкіра Віктара Бабарыку — 18 чэрвеня ў Мінску. Увечары 18 і 19 чэрвеня ў падтрымку затрыманых прайшлі масавыя акцыі па ўсёй краіне. "Ланцуг салідарнасьці» ў пятніцу ўвечары завяршыўся затрыманнямі як удзельнікаў акцыі, так і журналістаў. Дакладнага ліку людзей, затрыманых учора, не ведаюць нават праваабаронцы. Толькі ў Мінску могуць быць затрыманыя не менш за 100 чалавек, імёны 80 чалавек ужо вядомыя. Але інфармацыя з рэгіёнаў практычна адсутнічае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.