Баец “Беркута”: Я буду абараняць любую ўладу, хоць Яцанюка

Нават нешта нейтральнае пачуць пра байцоў “Беркута” ў Кіеве зараз складана. Графіці, карыкатуры, прамыя абразы і пагрозы — усяго гэтага на адрас байцоў спецпадраздзялення міліцыі на Майдане і вуліцы Грушэўскага процьма.

Байцы “Беркута” ў адказ да паўсмерці збіваюць злоўленых дэманстрантаў, распранаюць іх на марозе, фатаграфуюць дзеля забавы. Журналістаў таксама недалюбліваюць — не раз і не два фатографы і аператары скардзіліся на мэтанакіраваны абстрэл супрацоўнікаў СМІ. Дасталася ад “Беркута” і беларусам — у Чаркасах супрацоўнікі “Беркута” пабілі здымачную групу Белсата.

Журналістам сайтаў lenta.ru i thekievtimes.ua ўдалося ананімна паразмаўляць з параненымі байцамі “Беркута” ў лякарні. Прапануем урыўкі з размоваў.

Пра збіццё людзей

“Мы ж таксама людзі, проста гэта наша праца. Дамагацца зменаў трэба мірным шляхам, сваім розумам, а не сілай. Тое, што супрацоўнікі “Беркута” даганялі, збівалі людзей, я не падтрымліваю, але калі іх жыццю пагражае небяспека, я лічу, што гэта нармальна”.

Пра журналістаў

“Журналісты бываюць розныя. Нехта ў пярэстай камізэльцы з надпісам “прэса” бегае. А ёсць журналісты ў акулярах, масцы і шлеме. Адкуль я ведаю, хто гэта. Можа, гэта рэвалюцыянер мне пад аўтобус гранату хоча кінуць”.

Пра снайпераў і забойствы дэманстрантаў

“У “Беркута” ёсць снайперы, але ў іх на чалавека сыходзіць дзесяць секунд. За хвіліну шэсць чалавек забіць можна. Яны кажуць, што снайпер ляжыць усю ноч — а за гэты час ведаеце, колькі можна было забіць? Снайперскіх патронаў не знайшлі, толькі паляўнічую кулю калібрам 12 міліметраў”.

Пра першы разгон Еўрамайдана

“Пры разгоне студэнцкага Майдана мы тры ці чатыры разы сказалі ім сысці. Жывёла, напэўна, зразумее хутчэй. Кажуць, што мы пабілі студэнтаў, але я вось бачыў, як “беркутаўцу” засунулі падпаленае палена пад забрала і пачалі падымаць. Я бачыў, што ў гэтага супрацоўніка няма больш скуры на твары”.

Пра Януковіча і яго абарону

“Думаеце, мне лёгка было пераламаць сябе застацца ў органах, калі прыйшоў Януковіч? Цяпер мне нехта прапануе канкрэтны план дзеянняў? Януковіч за чатыры гады так і не вывеў краіну з крызісу, і я дакладна не буду за яго галасаваць. Але і за Яцанюка, у якога рукі ў крыві, я галасаваць таксама не буду. Хутчэй пайду на выбары і парву бюлетэнь… Але калі ён стане прэзідэнтам, будзем яго абараняць. Мы самі выбіралі сабе працу”.

Агульная колькасць байцоў “Беркута” ва Украіне складае каля чатырох тысяч чалавек. У Кіеве байцы падраздзялення абараняюць урадавы квартал з будынкам Кабінета міністраў і Вярхоўнай Рады, а таксама будынак Адміністрацыі прэзідэнта і рэзідэнцыю Януковіча ў Міжгор’і. Камандзіры “Беркута” сцвярджаюць, што для поўнай зачысткі цэнтра Кіева ад пратэстоўцаў ім патрэбны толькі загад і 30-40 хвілін.

Фота yaplakal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі