Бацька збітага да смерці дзіцяці хоча ад жонкі 150 млн рублёў кампенсацыі

Брэсцкі абласны суд працягвае разгляд справы аб забойстве 5-месячнага Сашы. Нагадаем, што ў лістападзе 2014 года яго жорстка збіла 20-гадовая маці. Дзіця было шпіталізаванае з цяжкімі траўмамі галавы, з пераломам пляча. Выратаваць яго не ўдалося, Саша памёр. Жанчыну затрымала міліцыя. На яе пачалі крымінальную справу за забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, учыненае з асаблівай жорсткасцю.

20-гадовы муж абвінавачанай Мікалай, бацька Сашы, праходзіць у справе як пацярпелы. Па яго словах, у ноч трагедыі ён быў на працы ў начную змену, а Наталля з маці адзначыла наваселле — на дваіх выпілі дзве бутэлькі гарэлкі. Пасля маці пайшла дахаты, а Наталля засталася з сынам. Яна распавядала ў судзе, што дзіця плакала і ніяк не супакойвалася. Яна брала сына на рукі, кідала на канапу, некалькі разоў стукнула далонню ў твар, кідала зноў, брала за руку і перакідвала з канапы на ложак.

12 сакавіка былі агучаныя патрабаванні пацярпелага боку. Мікалай запатрабаваў ад жонкі 150 мільёнаў рублёў маральнай кампенсацыі. На пытанне суддзі, чаму менавіта такі памер кампенсацыі, мужчына адказаў:  "Каб яна адчула што такое працаваць, бо яна ніколі ў сваім жыцці не працавала!" Абвінавачаная, у сваю чаргу, каментуючы заяву мужу, сказала, што згодная з такім патрабаваннем: "Я згодная! Буду выплачваць! Буду зарабляць, бо ніякіх ашчаджэнняў у мяне няма".

У гэты ж дзень на судзе прагучала апошняя слова Наталлі: "Высокі суд, я раскайваюся ў зробленым. У мяне і думкі не было дапусціць такой страшнай трагедыі. Я не хацела прычыніць свайму дзіцяці смерць. Я разумею, што павінна быць пакаранай. Хоць я ўжо сама сябе пакарала, і гэта пакаранне застанецца да канца майго жыцця. Я прашу вас не караць мяне занадта сурова".

Завершыцца судовы працэс 16 сакавіка. У панядзелак суддзя агучыць прысуд.

На судзе над маці, якая збіла сына да смерці, выступілі сведкі

У Брэсце пачаўся суд па справе аб забойстве дзіцяці, якога збіла маці

Фота — advocatebel.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі