Азараў пра відэа палёта А-50: узлёт не сведчыць пра працу абсталявання

Расійскі ваенны самалёт А-50 / t.me/modmilby/
Расійскі ваенны самалёт А-50 / t.me/modmilby/

Крылы і рухавікі расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах не былі пашкоджаныя. Мэтай атакі дронаў былі антэна і абсталяванне, пракаментаваў для Еўрарадыё кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў.

Сёння беларускія прапагандысцкія медыя і прарасійскія тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім нібыта засняты палёт А-50 у паветры.

— Я яшчэ не глядзеў відэа, але тэарэтычна самалёт мог узляцець, бо мэтай атакі была антэна і абсталяванне. Крылы і рухавікі не былі пашкоджаныя, а ўзлёт не сведчыць пра працу абсталявання.

Раней на гэтым тыдні, расказваючы пра атаку на судна, Азараў казаў, што “самалёт больш не паляціць”. Каментуючы гэтыя словы, Азараў дадаў, што ў ByPol “спадзяваліся, што не паляціць”.

Мы запыталі Азарава, ці захавалася відэа атакі ў пілота дрона, які, па яго словах, выехаў за мяжу.

— Гэта інтрыга, — адказаў Азараў.

Раніцай 26 лютага мінчукі распавялі, што чулі выбухі ў ваколіцах ваеннага аэрадрома Мачулішчы. Увечары таго ж дня Азараў заявіў, што ўдзельнікі плана "Перамога" зладзілі атаку на самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка зладзіў нараду з сілавым блокам, але ніякіх заяваў пра атаку на самалёт зроблена не было. У хуткім часе стала вядома, што сілавікі пачалі прыходзіць з праверкамі да ўладальнікаў дронаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі