Новыя пытанні пра самалёт у Мачулішчах: пра што кажуць кадры са спадарожніка?

Расійскі самалёт А-50 у Мачулішчах / Maxar
Расійскі самалёт А-50 у Мачулішчах / Maxar

Кіраўнік "Байпола" Аляксандр Азараў у гутарцы з Еўрарадыё адмовіўся адказваць на пытанне, ці будуць прадстаўленыя здымкі імавернай атакі дронаў на расійскі ваенны самалёт пад Мінскам.

Увечары 26 лютага Азараў заявіў, што ўдзельнікі плана "Перамога" зладзілі атаку на самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Паводле яго слоў, два дроны пашкодзілі авіёніку і радыёлакацыйную антэну. "Самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць", сказаў тады Азараў.

Тым часам журналісты-расследвальнікі з сусветных медыя атрымалі спадарожнікавыя фота, але так і не змаглі даць дакладны адказ на пытанне пра тое, што адбылося ў Мачулішчах.
 

“Гэта можа быць снег”

Расследвальнікі з Bellingcat прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі прыватнай амерыканскай кампаніі Planet Labs, зробленыя 28 лютага. На тэрыторыі Мачулішчаў можна разгледзець самалёт такой жа канфігурацыі, як у А-50.

Журналісты параўналі гэтыя фота з тымі, якія былі зробленыя да меркаванай атакі на А-50 у Мачулішчах.

У Planet ёсць здымкі ад 19 лютага і 23 лютага. Bellingcat заўважае, што на пазнейшым фотаздымку, ад 28 лютага, можна разгледзець плямы на крылах самалёта — але гэта пакуль не можа быць дакладным сведчаннем пашкоджанняў.

Гэта можа быць снег на паверхні самалёта, і пакуль немагчыма праверыць сцверджанні BYPOL.

Bellingcat абяцае сачыць за сітуацыяй, можаце працягваць чытаць гэтую галінку

Журналіст CNN Джанлука Меццафьёрэ прапануе разгледзець фота кампаніі касмічных тэхналогій Maxar.

Не бачу ніякіх крытычных пашкоджанняў, напісаў ён.

У каментарах справядліва заўважаюць, што некаторыя пашкоджанні можна разгледзець толькі зблізу.

З улікам таго, што буйны беспілотнік наўрад ці мог бы прабрацца на тэрыторыю ваеннага аэрадрома незаўважаным, гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра невялікі дрон. Такім чынам, нанесеныя ім пашкоджанні могуць быць і не заўважныя з космасу.

Журналіст Washington Post Эван Хіл зазначае, што самалёт за апошні тыдзень змяніў месца стаянкі — А-50 перасунулі прыкладна на 980 метраў.

Але, мабыць, пакуль гэта ўсё, што можна сказаць напэўна.
 

“Ён прамок або згарэў?”

Беларуская маніторынгавая група "Гаюн" мяркуе, што самалёт выглядае так, быццам яго "паліравалі перад афарбоўкай".

“На цяперашні момант мы не робім адназначных заяў, але гэта таксама можа быць звязана з тым, што фюзеляж згарэў. Значныя змены афарбоўкі можна ўбачыць на крылах і купале з РЛС "Чмель"", — піша "Гаюн" у сваім Твітар-акаўнце.

Але каментатары заўважаюць, што нязначнае змяненне колеру можа быць таксама звязанае з тым, што растаў снег, які раней выпаў. Або з тым, што самалёт праходзіў супрацьабледзяняльную апрацоўку.
 

Ці ўзляціць А-50?

Апошні раз А-50 узлятаў 22 лютага. Але нават калі ён узляціць зноў, гэта ўсё яшчэ не дасць дакладнай інфармацыі, ці былі пашкоджанні — і наколькі яны сур'ёзныя.

У каментарах пад апублікаванымі здымкамі заўважаюць, што галоўная частка гэтага самалёта — радар. І калі ён пашкоджаны, то не мае значэння, ці можа самалёт ляцець. З пашкоджаным радарам ён не можа выконваць сваю галоўную функцыю. Але ўбачыць такія змены з космасу, здаецца, немагчыма.
 

Ці магло захавацца відэа палёту ў аператара дрона?

Сілавікі заяўляюць, што знайшлі пульт-кантролер ад дрона. Ці можа гэта гарантаваць, што ў іх ёсць відэа таго, што здарылася над Мачулішчамі?

Новые вопросы об атаке на самолёт в Мачулищах: о чём говорят кадры со спутника?
Дрон / фота ілюстрацыйнае, pixabay

Не абавязкова. Па замоўчанні відэа захоўваецца на флэшку, якая знаходзіцца ў самім дроне. Але і аператар дрона можа запісаць яго, каб захаваць у сябе, двума спосабамі, распавёў Еўрарадыё добраахвотнік з пазыўным Кот з Беларускага добраахвотніцкага корпуса.

— Калі гаворка ідзе пра дарагі дрон з пультам, у якім ёсць інтэграваны экран, то відэа можна запісаць на экран пульта. Аўтаматычна гэта не адбываецца відэа запішацца, толькі калі пілот захоча яго запісаць.

І такія дэвайсы з інтэграваным экранам каштуюць дорага. Толькі адзін такі пульт каштуе больш за тысячу долараў.

Але калі пульт-кантролер не мае свайго экрана, усё роўна ёсць магчымасць захаваць відэа: падчас палёту можна ўключыць запіс на прыладзе, планшэце ці тэлефоне — проста выкарыстаць функцыю захопу экрана.

Гэта значыць, магчымасць запісаць відэа ў аператара дрона была але гэта не значыць, што мы ўбачым кадры. Пілот мог не захацець запісваць і захоўваць відэа з меркаванняў бяспекі.

Калі дрон прыляцеў у Мачулішчы і быў перахоплены, то відэа можа быць у сілавікоў. Але з улікам таго, што афіцыйны Мінск атаку нібыта не заўважыў, і ў гэтым выпадку нам яго наўрад ці пакажуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі