Раніцай упершыню з пачатку вайны бамбілі Днепр. Было тры авіяўдары, паведамляе "Громадське" са спасылкай на Дзяржаўную службу па надзвычайных сітуацыях Украіны.
Снарады ўпалі каля дзіцячага саду, шматкватэрнага жылога дома. Яшчэ адзін трапіў у абутковую фабрыку, яна загарэлася. Па папярэдняй інфармацыі, загінуў адзін чалавек.

Выбухі сёння чулі і ў Луцку ў раёне аэрапорта. Пра гэта напісаў у Facebook мэр горада Ігар Палішчук. Паводле папярэдніх звестак, ахвяраў няма, ратавальнікі ліквідуюць пажар.
Напярэдадні вечарам у Харкаве авіяўдар перажыў і аб'ект Харкаўскага Фізіка-тэхнічнага інстытута. Там знаходзіцца даследчая ядзерная ўстаноўка "Крыніца нейтронаў". Паводле папярэдняй інфармацыі, "Крыніца нейтронаў" цалкам абясточаны, будынак пашкоджаны. Наступствы бамбардзіроўкі ўдакладняюцца.
Паветраная трывога гучала мінулай ноччу і раніцай ва многіх украінскіх гарадах, у тым ліку і ў Кіеве.
Але праблемай нумар адзін для ўладаў Украіны застаецца Марыупаль, кажа дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч. Па яго словах, усе ваенна-палітычнае кіраўніцтва краіны цяпер працуе над тым, каб дапамагчы людзям, якія застаюцца ў гэтым горадзе. Па словах мэра Марыупаля Вадзіма Бойчанка, расійская авіяцыя абстрэльвае горад кожныя паўгадзіны. Па яго словах, ужо шостыя суткі расійскія вайскоўцы "зрываюць дастаўку гуманітарнага грузу з Запарожжа у Марыупаль".
"Замест цішыні пачынаюцца актыўныя баявыя дзеянні. Але мы не спыняемся і будзем прарывацца далей. І мы прарвемся", — гаворыць Бойчанка.

Па дадзеных Генштаба Украіны, за ноч істотных зменаў у пазіцыях войскаў не адбылося. На акупаваных тэрыторыях расейцы пачынаюць "звяртацца да агрэсіўнай прапаганды і спрабуюць дамовіцца з мясцовым насельніцтвам". У Херсонскай вобласці ўжо "ствараюць сістэму камендатур для падтрымання "парадку".
"Громадське" таксама паведамляе са спасылкай на Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі, што ўлады Беларусі дазволілі перамяшчэнне расійскіх ракет па сваёй чыгунцы.
У паўадкрытых вагонах без правільнай маркіроўкі цяпер перавозяць галаўныя часткі ракет "Кропка-У", рэактыўныя снарады для "Град" і "Смерч", ракеты для "Іскандэраў". Такое перамяшчэнне боепрыпасаў не адпавядае правілам бяспекі, адзначаюць спецыялісты Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі.
"Беларускае грамадзтва павінна патрабаваць ад уладаў забароны перамяшчэння па тэрыторыі Беларусі вайсковых эшалонаў з тэхнікай. Тыя, хто перавозяць расійскія боепрыпасы, таксама становяцца ўдзельнікамі злачынства", — гаворыцца ў заяве цэнтра.