Астраном: “Спадзяюся, людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”

Астраном: “Спадзяюся, людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”

Астраномы заявілі пра існаванне новай планеты ў Сонечнай сістэме — планеты Х. Нягледзячы на падзенне цаны на нафту, абвал расійскага рубля і чарговыя заявы палітыкаў з нагоды мігранцкага крызісу, гэтая навіна выйшла ў топы сусветных СМІ.

Пра адкрыццё паведамілі навукоўцы Каліфарнійскага тэхналагічнага інстытута Майкл Браўн і Канстанцін Батыгін.

“З часоў адкрыцця Урана і Нептуна былі адкрытыя толькі дзве рэальныя планеты. Гэтая будзе трэцяй. Існуе вельмі важная частка Сонечнай сістэмы, якая ўсё яшчэ не адкрытая, што вельмі ўзрушвае”, — заявіў Браўн.

Касмічны аб’ект рухаецца па эліптычнай арбіце і ў 10 разоў перавышае масу Зямлі. Поўны яго абарот вакол Сонца займае ад 10 да 20 тысяч гадоў. Цяпер гэтае нябеснае цела знаходзіцца прыкладна ў 20 разоў далей ад Сонца за Нептун, самую аддаленую ад гэтай зоркі планету з вядомых.

Астраном: “Спадзяюся, людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”
Майкл Браўн (злева) і Канстанцін Батыгін. Фота: Patrick T.Fallon/Washington Post

Навукоўцы не бачылі новую планету ў тэлескоп, яны разлічылі яе існаванне шляхам матэматычнага аналізу.

“Усе самыя аддаленыя аб'екты нашай сістэмы рухаюцца ў адным кірунку па невытлумачальнай траекторыі, і мы зразумелі, што адзінае тлумачэнне гэтага — існаванне вялікай далёкай планеты, якая іх утрымлівае разам, пакуль яны круцяцца вакол Сонца”, — сказаў Майкл Браўн.

Каб “засекчы” планету Х на такой адлегласці, неабходны тэлескоп з высокай адчувальнасцю і шырокім полем агляду. Да таго ж астраномы толькі прыкладна ўяўляюць месцазнаходжанне планеты, паведамляе часопіс Science.

Астраном: “Спадзяюся, людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”
8-метровы тэлескоп Subaru на вяршыні гары Маўна-Кеа на Гаваях мае шырокае поле агляду. Ён можа пачаць пошук планеты Х. Фота: NAOJ

“На Зямлі ёсць шмат тэлескопаў, тэарэтычна здольных яе знайсці. Я вельмі спадзяюся, што пасля нашай заявы людзі па ўсім свеце пачнуць шукаць дзявятую планету”, — выказаў спадзеў Браўн.

Майкл Браўн нясе адказнасць за смерць Плутона як планеты. У 2005 годзе ён адкрыў карлікавую планету Эрыда, якая тады падавалася большай за Плутон. Гэта і стала падставай для перагляду статусу апошняга.

Можа, цяпер Браўн верне Сонечнай сістэме дзявятую планету і прымусіць перапісаць новыя падручнікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі