Ашмянскую мытню ліквідуюць з 1 кастрычніка

Ашмянскую мытню ліквідуюць з 1 кастрычніка

З 1 кастрычніка перастане існаваць Ашмянская мытня. Пра такую заяву старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько паведамляе БЕЛТА.

Зона адказнасці Ашмянскай мытні пяройдзе пад юрысдыкцыю Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Кіраўнічы персанал мытні перавядуць у памежныя пункты мытнага афармлення, у іншыя аддзелы.

Па словах Сянько, такая аптымізацыя дазволіць узмацніць мяжу. Частку адміністрацыйнага апарата скароцяць. Мытны камітэт, як патлумачыў яго старшыня, працягвае аптымізацыю сваіх службаў. Па яе выніках камітэт будзе скарочаны на 20 адзінак, а мытная служба ў цэлым — на 100. Яшчэ 407 супрацоўнікаў перавядуць у разрад тэхнічнага персаналу.

Раней паведамлялася, што шэраг супрацоўнікаў Ашмянскай мытні трапіў пад суд па абвінавачанні ў хабары. 8 жніўня былі асуджаныя 16 чалавек. Большасць былі асуджаныя на тэрмін ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Мінімальнае пакаранне атрымаў мытнік Аляксандр Букель — 5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Максімальны тэрмін прысудзілі аднаму з кіраўнікоў і арганізатараў Гарніку Сарумянцу — 11 з паловай гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, яго маёмасць канфіскуюць. Літоўскі прадпрымальнік Артур Тураеў быў вызвалены з-пад варты ў зале суда: яго аштрафавалі на 2000 базавых велічыняў. Адзіная абвінавачаная жанчына — Марына Мароз — асуджаная на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі