Арзамасава, якую падазраюць у допінгу, папрасіла ўскрыць пробу "B"

Арзамасава, якую падазраюць у допінгу, папрасіла ўскрыць пробу "B"

Пасля абвінавачвання ва ўжыванні допінгу беларуская бягуха Марына Арзамасава просіць ускрыць пробу "В". Пра гэта распавёў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, піша TUT.by.

27 жніўня з'явіліся звесткі, што чэмпіёнку свету 2015 года ў бегу на 800 метраў часова адхілілі ад спаборніцтваў. Паведамлялася, быццам у пробе Арзамасавай знайшлі забароненае рэчыва LGD-4033 — адзін з селектыўных мадулятараў андрагенных рэцэптараў. Кажучы іншымі словамі, рэчыва дапамагае выпрацоўваць мужчынскія гармоны. 

Па словах Дзевятоўскага, беларускі бок хоча зразумець, што адбылося. "Марына пакуль прыходзіць у сябе, па-чалавечы разумеем яе. Цяжка вытрымаць такое абвінавачванне. Але яна моцны чалавек. Трэба час, і яна растлумачыць сваю пазіцыю", — заявіў ён.

Старшыня федэрацыі распавёў, што Арзамасава напісала ліст у камітэт пры Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый. Беларуска просіць ускрыць пробу "В", бо вынік пробы А папярэдні. Таксама яна просіць паведаміць ёй інфармацыю па пробе "А", каб пераканацца ў адсутнасці памылкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі