Вы тут

Арсеній Сівіцкі пра канферэнцыю ў Аўстрыі: гэта глеба дыялогу ў будучыні

Ратуша ў Вене / weatlas.com

Анансаваная на 22 лістапада канцлерам Аўстрыі міжнародная канферэнцыя па сітуацыі ў Беларусі ўжо нечым нагадвае абвешчаную Сяргеем Дылеўскім агульнанацыянальную забастоўку. Як у адным, так і ў другім выпадку надзеі на канчатковы вынік выглядаюць занадта перабольшанымі. Асабліва з улікам таго, хто, хутчэй за ўсё, будзе прадстаўляць у Вене беларускі рэжым.

На які ўзровень беларускага боку разлічваюць арганізатары канферэнцыі, у эфіры Еўрарадыё расказаў дырэктар Інстытута стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

— Мне падаецца, што Еўрасаюз прытрымліваецца сваёй такой звычайнай тактыкі і калі б такое запрашэнне накіроўвалася, то яно, хутчэй бы за ўсё, было накіравана да міністра замежных спраў. А тым больш пакуль міністр замежных спраў не ўваходзіць у санкцыйныя спісы і такога ж самага падыходу Еўрасаюз прытрымліваўся і раней, падчас папярэдніх крызісаў у адносінах, калі менавіта міністры замежных спраў запрашаліся на розныя міжнародныя мерапрыемствы пад эгідай Бруселя, нягледзячы на даволі складаныя адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Але мне падаецца, што наўрад ці варта чакаць, што беларускі бок гэтае запрашэнне прыме, і я не чакаю, што Мінск будзе прадстаўлены на нейкім афіцыйным узроўні.

Але гэта не выключае, што ў тых ці іншых фарматах беларускі бок будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі. Ну, напрыклад, прыйдуць прадстаўнікі беларускай амбасады ці хтосьці з беларускіх дыпламатаў, якія прэзентуюць краіну ў міжнародных арганізацыях са штаб-кватэрай у Вене.

Гэта такі падыход, які дазваляе захаваць пэўную гнуткасць дыпламатычную, але і таксама захаваць твар. Таму што, наколькі можна зразумець логіку паводзін афіцыйнага Мінска, любы перамоўны фармат такога кшталту па сённяшні дзень быў зусім непрымальны для беларускіх уладаў. І ўсе намаганні апошніх месяцаў былі накіраваны на тое, каб усё ж такі прымусіць Захад і ў тым ліку Еўрасаюз уступіць у прамыя перамовы з беларускімі ўладамі, з Аляксандрам Лукашэнкам. 

Пакуль дыялогу ў афіцыйнага Мінска з Захадам не атрымліваецца / belarus.by

— Санкцыі больш уводзіць не будуць ці ўзровень канферэнцыі не дазваляе абмяркоўваць гэтую тэму?

— Мне падаецца, што такі ўзровень прадстаўніцтва не нясе пагрозы, а як бы мы там ні прыпісвалі афіляцыі гэтых персон, яны ўсё роўна наведваюць гэтае мерапрыемства як незалежныя эксперты. Максімум, што яны могуць, гэта данесці нейкую прапагандысцкую пазіцыю, што звычайна яны і робяць. 

І наколькі я ведаю, на сённяшні дзень не перагледжаны выступы прадстаўнікоў экспертных колаў падчас канферэнцыі, таму што канферэнцыя і мае назву "Міжнародная канферэнцыя па Беларусі высокага ўзроўню" і гэты фармат прадугледжвае пэўны склад удзельнікаў. Гэта якраз афіцыйныя асобы высокага ўзроўню.

Ні я, ні Шпакоўскі, ні Васкрасенскі, калі яны будуць наведваць гэтае мерапрыемства, не з'яўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі, тым больш высокага ўзроўню. Таму мне падаецца, што гэта такі фонавы фактар, і не самы значны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.