Арамнаў хваліць беларускіх хакеістаў: згуртаваныя і трывалыя, як кувалда

“Калі хочуць, могуць жа зрабіць, — захапляецца перамогай беларускіх хакеістаў над амерыканцамі алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. — Хацелася б пажадаць ім быць такімі ж загартаванымі і трывалымі, як жалеза, як кувалда, на ўсіх стартах і падчас усіх матчаў. Тым больш у іх ёсць для гэтага і фінансавыя, і маральныя магчымасці. Ёсць і грошыкі, і дзе трэніравацца. Усё ў іх у парадку. Галоўнае не займацца абы чым. Дзякуй богу, у іх прачынаецца наша струна патрыятычная. Вельмі рады, што амерыканцы слухалі гімн Беларусі”.

Штангіст з нецярплівасцю чакае наступнай гульні з удзелам беларусаў. Нагадаем, што 9 траўня наша зборная сустрэнецца з расійскай.

“На Дзявятае мая расіянам грэх не прайграць, — жартуе Арамнаў і тут жа пераходзіць на сур’ёзны лад. — Не хачу варажыць, але пажадаю хлопцам поспехаў. Хацелася б, каб яны пастараліся і былі незгінальнымі, як самы трывалы метал”.

Сам жа алімпійскі чэмпіён Пекіна нядаўна заявіў, што пасля лячэння шматлікіх траўмаў ён марыць выступіць на Гульнях-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра. У траўні атлет пройдзе медабследаванне, дзе вынесуць вердыкт, ці можна яму працягваць кар’еру.

“Калі ўрачы дазволяць і краіна дапаможа, я адчуваю ў сабе рэсурсы, каб зноўку стаць наймацнейшым атлетам свету сярод усіх вагавых катэгорый”, — кажа Арамнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі