Аптэка: Нас абавязваюць, каб 40% прададзенага тавару было беларускім

Міністэрства аховы здароўя настойвае на замене папулярных лекаў ад прастуды “Тэрафлю” на беларускі аналаг “ОРВІколд", бо той… таннейшы.

“Пры звароце ў аптэцы прапаноўваць у першую чаргу лекі айчыннай вытворчасці. Гэта генерыкі, падобныя сродкі. У тым ліку адносна замежнага прэпарату “Тэрафлю” такая ж рэкамендацыя”, — гавораць Еўрарадыё ў Міністэрстве аховы здароўя пра лекі супраць прастуды.

Правяраем, ці можна яшчэ знайсці “Тэрафлю” ў мінскіх аптэках.

У аптэцы на праспекце Незалежнасці “Тэрафлю” ўжо няма. Тут прыгадваюць, што 10 пакецікаў гэтага парашку каштавалі 70 тысяч. А вось беларускі “ОРВІколд” — ёсць. І каштуе танней — 60 тысяч за 15 пакецікаў.

У аптэцы, што па вуліцы Маркса, “Тэрафлю” пакуль ёсць. Беларускі аналаг каштуе менш, прызнаецца прадаўшчыца, але дадому бярэ імпартныя лекі.

“Беларускія лекі ў тры-чатыры разы таннейшыя. Але на лекі ад прастуды пачалі падцягваць ужо кошты”, — дадае прадаўшчыца.

Прадаўшчыца з наступнай аптэкі па вуліцы Карла Маркса прыгадвае іншы беларускі прэпарат, якім можна замяніць замежны “Тэрафлю”.

“Пакецік айчыннага “Негрынпіна” каштуе 3200 рублёў, а “Тэрафлю” каштуе 7000. Нас абавязваюць, каб сярод прададзенага тавару 40% было беларускага”, — кажуць у аптэцы.

Па параду, што ж лепш: айчынныя лекі патанней ці імпартныя — звяртаемся ў тэрапеўтычнае аддзяленне 26-й мінскай паліклінікі.

“Гарачкапаніжальныя нашы таксама нядрэнныя. Пацыенты бяруць, яны таксама тэмпературу паніжаюць. Але я сама даўно не была ў аптэцы, што лепш — трэба там пытаць”, — здзіўляюць лекары.

Цікава, што “рэкамендацыя” набываць беларускія лекі супраць прастуды супала з уздымам прастудных захворванняў.

“Заўжды пачатак верасня — уздым рэспіраторных захворванняў. Тады ўзрастае колькасць зваротаў у паліклініку. І мы размясцілі на сайце Мінздароўя ліст з рэкамендацыямі па леках”, — тлумачаць у міністэрстве.

У лісце найбольшую ўвагу надаюць айчынным лекам:

“У сувязі з набліжэннем сезоннага ўздыму захворвання насельніцтва аптэчным арганізацыям усіх формаў уласнасці прыняць меры па забеспячэнні лекавых сродкаў у першую чаргу сродкаў айчыннай вытворчасці”, — паведамляюць чыноўнікі.

Параўнаем склад замежнага Тэрафлю і двух беларускіх аналагаў:

Тэрафлю

ОРВІколд

Негрынпін

Парацэтамол - 325 мг,

Феніраміна малеат - 20 мг,

Фенілэфрына гідрахларыд - 10 мг,

Аскарбіновая кіслата - 50 мг. 

Парацэтамол - 325 мг,

Феніраміна малеат - 20 мг,

Фенілэфрына гідрахларыд - 10 мг

Аскарбінавая кіслата – няма

Парацэтамол - 0,5 г (500 мг) 

Феніраміна малеат - 0,025 г (25 мг)

Фенілэфрына гідрахларыд - няма  

Аскарбіновая кіслата - 0,22 г (220 мг)

Фота: mama66.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі