Апроч урокаў настаўнікі выбіваюць даўгі і сочаць, як жывуць школьнікі

"Я мяркую, што адпаведная група вывучае, а дакладней сістэматызуе пытанні, каб нарэшце вызваліць настаўнікаў ад неўласцівых функцый і прымусіць іх займацца толькі сваёй справай — перадачай ведаў і навучаннем дзяцей ды выхаваннем іх", — сказаў кіраўнік краіны падчас нарады па ўдасканаленні аграрнай палітыкі.

Аляксандр Лукашэнка абяцаў пазбавіць настаўнікаў лішняй працы больш за год таму, калі адказваў на пытанні журналістаў на прэс-канферэнцыі.

“Я дазваляю вам (настаўнікам) нічога не пісаць. Але выдавайце тавар так, каб на тэставанні былі нармальныя веды”, — падкрэсліваў тады кіраўнік дзяржавы.

Лішняй працы стала толькі больш з таго часу, ацэньвае выкладчык беларускай мовы і літаратуры з Мінска Максім.

“Перад чэмпіянатам прымушалі прыбіраць “Чыжоўка-Арэну”. Гэта замест урокаў. У школе адны санітаркі засталіся. Нас абавязваюць наведваць музеі, канцэрты, хакеі, футболы. У інструкцыі напісана, што мы мусім выхоўваць у дзецях прыгожае, але ж не два разы на тыдзень! Пасля наведванне кватэры злосных неплацельшчыкаў — і мы мусім з гэтым разбірацца”, — пералічвае Еўрарадыё настаўнік і прыводзіць прыклад “выкалочвання даўгоў”.

“Было такое: прыходжу у кватэру, а там жанчына на тры літары пасылае. Па нашых інструкцыях мы павінныя выконваць усё. Той жа збор грошай у вучняў, каб аплаціць харчаванне ў сталоўцы. Але збольшага вінаватыя самі настаўнікі, бо іх хапае толькі на стогны ў настаўніцкай”, — даводзіць Максім.

З настаўнікаў — падпіска на выданні, і абследаванне ўмоваў, у якіх жывуць школьнікі, прычым яны могуць вучыцца ў іншай школе, але быць прапісанымі ў гэтым раёне, дзеліцца Юля, якая выкладае гісторыю ў мінскай школе.

“Зверху спускаецца план, і настаўнікі вырашаюць, хто які часопіс будзе выпісваць. Некалькі разоў на год трэба адсочваць, дзе знаходзяцца няпоўнагадовыя дзеці. Гэта ў верасні робіцца і ў студзені. Кватэр можа быць як тры, так і 40. Гэта робяць усе выкладчыкі па чарзе”, — тлумачыць настаўніца.

Класнага кіраўніцтва ёй пакуль удаецца пазбегнуць.

122 тысячы настаўнікаў працавалі ў школах Беларусі ў 2013 годзе. Толькі адна мінская школа сёлета шукае адразу 6 настаўнікаў. Сярэдні заробак у настаўнікаў у першым квартале гэтага года — 4,4 мільёна, падлічвае Белстат.

Фота: mn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі