Ці зменшылася папяровая праца настаўнікаў пасля прэс-канферэнцыі Лукашэнкі?

"Я дазваляю вам (настаўнікам) нічога не пісаць. Але выдавайце тавар так, каб на тэставанні былі нармальныя веды”, — адказваў Аляксандр Лукашэнка на пытанне журналістаў аб вялікім стосе папяровай працы ў настаўнікаў.

Праз 10 дзён у настаўніка і класнага кіраўніка са сталічнай школы Андрэя працы менш не стала. Тая ж дакументацыя.

“Калі бярэм класнага кіраўніка і настаўніка, папер шмат: і план па выхаваўчай рабоце, і акты даследавання жыллёва-бытавых умоў. Раней мы рабілі гэтыя акты, калі было бачна, што дзіцё прапускае заняткі. А сёння я мушу два разы на год пісаць гэты акт жыллёвых умоў на ўсіх — гэта 26 актаў”, — даводзіць настаўнік.

І раіць перавесці ўсю дакументацыю ў электронны варыянт, нават класныя журналы. Так прасцей.

“Там у журнале ўжо 19 пунктаў. І напісана, дзе трэба кропку ставіць, як скарачаць, што з вялікай літарай пісаць. Якая розніца? Іх трэба рэгламентаваць — гэтыя паперы”, — кажа Андрэй.

Маладая спецыялістка Таццяна працуе настаўніцай і класным кіраўніком, на запаўненне папераў траціць некалькі гадзінаў на дзень.

“Там спісы класа, інфармацыя пра бацькоў, пра дзяцей, планы выхаваўчых мерапрыемстваў на кожную чвэрць, адзнакі падлічваць кожную чвэрць. Апроч гэтага ўсяго, трэба журнал запоўніць”, — гаворыць Таццяна.

Каб папяровая праца змяншалася, дзяўчына такое не чула.

У прыватных гімназіях — прасцей. Хадзіць у госці да бацькоў, каб вывучыць жыллёвыя ўмовы вучняў, не трэба. Але каляндарныя планы настаўнікі ўсё адно складаюць, тлумачаць Еўрарадыё ў сталічнай прыватнай гімназіі “Альтэрнатыва”:

“Мы не робім акты даследавання жыллёвых умоваў. У нас дакументацыі нашмат менш. Але каляндарны план пісаць трэба. Журнал таксама”.

У Міністэрстве адукацыі абяцаюць, што разгрузяць настаўніцкую працу. Над гэтым ужо, нібыта, працуюць спецыялісты.

“Даручэнне далі аднаму з намеснікаў міністра. І мы хутка паведамім, як гэта будзе. Гэта закране не толькі класных кіраўнікоў, але і ўсіх настаўнікаў”, — тлумачаць у ведамстве.

Але якую менавіта дакументацыю скароцяць, у міністэрстве пакуль не кажуць.

Фота: static.ngs.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі