Вы тут

Апошні смеццеправод у Беларусі плануюць заварыць максімум праз два гады

Смеццеправод / pvlida.by

Усе смеццеправоды ў Беларусі завараць у бліжэйшыя адзін-два гады. Пра гэта заявіў на брыфінгу 20 студзеня намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Смірноў.

Па яго словах, якія перадае БЕЛТА, смеццеправоды заварваюць ва ўсіх гарадах. 

"У асобных населеных пунктах застаецца лічаная колькасць дзеючых смеццеправодаў — там, дзе няма магчымасці і мясцовыя органы ўлады не могуць забяспечыць будаўніцтва кантэйнерных пляцовак. Хоць і гэтыя пытанні вырашаюцца. Думаю, у бліжэйшыя год-два яны ўсё роўна будуць вырашаныя", — паведаміў чыноўнік. 

Ён падкрэсліў, што ў новых дамах смеццеправодаў ужо няма.

Пры гэтым намеснік міністра дадаў, што для заварвання смеццеправода ў кожным разе патрабуецца згода жыхароў, а таксама ўлічваецца магчымасць будаўніцтва кантэйнерных пляцовак для збору смецця. У Гродне, адзначыў Смірноў, заварылі ўжо ўсе смеццеправоды, бо мясцовыя ўлады забяспечылі будаўніцтва кантэйнерных пляцовак. Акмаль завершаная гэтая праца і ў Гомелі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.