Андрэю Дзмітрыеву прысудзілі 1,5 года калоніі
![Андрэй Дзмітрыеў / sb.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/ADsb.jpg.webp?itok=V6mKFnrf)
Андрэй Дзмітрыеў / sb.by
Андрэю Дзмітрыеву прысудзілі 1,5 года калоніі агульнага рэжыму. Палітыка, грамадскага дзеяча, экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі прызналі вінаватым ва ўдзеле ў вулічных пратэстах 2020-га (у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх"). Справу разглядаў суд Маскоўскага раёна Мінска (суддзя — Кацярына Мурашка).
Беларускія праваабаронцы прызналі Дзмітрыева палітвязнем.
Пра затрыманне Андрэя Дзмітрыева стала вядома ў студзені сёлета. Раней ён быў кіраўніком руху "Гавары праўду", а ў 2020 годзе — кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Пасля выбараў працаваў над стварэннем палітычнай партыі. У сацсетках апублікаваў пост з крытыкай законапраекта аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях у РБ.
Па версіі Следчага камітэта, "устаноўлена датычнасць [Дзмітрыева] да экстрэмісцкай дзейнасці". Сцвярджалася, што ў жніўні-верасні 2020-га ён удзельнічаў у "вулічных беспарадках" у сталіцы. А яшчэ следчыя падлічылі, што палітык 599 разоў праязджаў праз мяжу, з іх 33 разы — пасля 2020 года. Ці ж гэта крымінал, паездкі за мяжу?
Кур'ёзным выглядае заява СК пра кантакты Андрэя Дзмітрыева "з прадстаўнікамі Захаду і ЗША" (згадвалася Хілары Клінтан, фота з ёй цяпер у крымінальнай справе!), а гэта "можа сведчыць пра каардынацыю яго "палітычнай" дзейнасці з-за мяжы"!
![Андрэю Дзмітрыеву прысудзілі 1,5 года калоніі](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/000022_BE6A337D8366B494432589880047E723_645604.jpg.webp?itok=blPZKDr-)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.