Вы тут

Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну падазраюць у фінансаванні пратэстаў

Андрэй Аляксандраў / БАЖ

Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну падазраюць у фінансаванні пратэстаў. Пра гэта заявіў у відэазвароце намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. 

"42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія прымалі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэсных акцыях на тэрыторыі горада Мінска. У ліку шляхам аплаты штрафаў, кампесацыяў утрымання ў ЦІП і ІЧУ і г.д. Пры гэтым усе сродкі, якія выкарыстоўваліся для гэтай мэты, яны атрымлівалі з-за мяжы", — заявіў Казакевіч. 

Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня супрацоўнікі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Амаль суткі з імі не было сувязі, пазней стала вядома, што яны затрыманыя.

Паведамляецца, што Аляксандраў і Злобіна атрымлівалі грошы ад фонду BYHELP. Па звестках міліцыі, яны атрымалі для выплаты пацярпелым больш за 100 тысяч долараў ЗША і еўра.

У відэа гучыць фрагменты з допыту Аляксандрава. Паказваецца ператрус у офісе інфармагенцтва БелаПАН, які адбыўся 14 студзеня. У БелаПАН Аляксандраў працаваў намеснікам дырэктара ў 2015-2018 гадах, а потым здымаў офіс.

Казакевіч кажа, што Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Пры ператрусе ў іх выяўленыя 168 квітанцыяў аб аплаце штрафаў, банкаўскія плацежныя карткі, грошы ў суме больш за 25 тысяч долараў ЗША і еўра, а таксама 20 тысяч рублёў.

На абаіх пачалі крымінальную справу па ч.2 арт. 342 КК (Навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці).

Казакевіч дадаў, што ГУБАЗіК правёў праверку такой самай дзейнасці з боку адной з незарэгістраваных арганізацыяў. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў Следчы камітэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.