Амаль 400 млн рублёў страціла беларуская мытня на расійскім падатковым манеўры

Амаль 400 млн рублёў страціла беларуская мытня на расійскім падатковым манеўры

Прагнозы па мытных плацяжах у дзяржаўны бюджэт Мытны камітэт выканаў на 100,5%. Такую лічбу назваў старшыня ведамства Юрый Сянько падчас дакладу кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку пра вынікі 2019 года. 

"Па мытных плацяжах, якія павінны былі паступіць у бюджэт нашай краіны, прагнозны паказчык, даведзены да нас Міністэрствам фінансаў, выкананы на 100,5%", — перадае БЕЛТА словы Сянько.

Як вынікае са словаў чыноўніка, летась паказчыкі ў мытні былі горшымі, чым у 2018 годзе. 

За 2019 год цераз беларускую мяжу на ўвоз і на вываз перамешчана 111 мільёнаў тон тавараў, што на 3,2 мільёна тон менш, чым у 2018 годзе. Асноўнай прычынай называецца зніжэнне транзіту вугалю з Расіі па чыгунцы. 

Аднак агульная транзітная плынь на ўвоз тавараў на тэрыторыю ЕАЭС праз Беларусь вырасла на 5,4% — да 17,5 мільёна тон, з іх 11,4 мільёна тон — у Расію. Колькасць перамешчанага праз беларускую мяжу грузавога транспарту таксама вырасла на 5,1% — да 2,3 мільёна адзінак. 

У дзяржбюджэт мытня прынесла больш за 9 мільярдаў рублёў плацяжоў. Гэта амаль на 400 мільёнаў рублёў менш (4,2%), чым у 2018 годзе. Асноўнай прычынай называецца расійскі падатковы манеўр у нафтавай галіне, ад чаго знізіліся вывазныя мытныя пошліны за экспарт нафтапрадуктаў (на 33,2%).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі