Аляксандр Лукашэнка занепакоены "гібрыднымі пагрозамі"

16 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў пасяджэнне Савета бяспекі, Па яго словах, у Беларусі павінны быць забяспечаныя ваенная бяспека і сацыяльна-палітычная стабільнасць у грамадстве.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам хутка і радыкальна мяняюцца погляды на ваенную справу, перадае БЕЛТА. Таксама, кажа ён, ніколі яшчэ канфлікты не ўспыхвалі і не развіваліся так непрадказальна і імкліва, як цяпер.

Паводле слоў Лукашэнкі, усё часцей даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, якія раней не мелі аналагаў: "Узнікаюць так званыя гібрыдныя пагрозы, размываецца паняцце тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. Шырокі распаўсюд атрымлівае распрацаваная заходнімі экспертамі стратэгія непрамых дзеянняў, у якой асаблівая роля ў дасягненні мэтаў прадастаўляецца няўрадавым арганізацыям радыкальнай скіраванасці і іншым падобным арганізацыям. Пры гэтым актыўна задзейнічаецца патэнцыял прыватных ваенных кампаній, а затым — ваенная моц арміі. Велізарнае значэнне прымаюць інфармацыйныя войны, актывізацыя так званых пятае калон і фармаванне негатыўнайга грамадскай думкі з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэту".

Кіраўнік Беларусі згадаў Украіну. Па яго словах, да цяперашняй сітуацыі там прывялі як карупцыя ўлады, так і экспарт "каляровай рэвалюцыі". Згадаўшы НАТА, Лукашэнка заявіў, што Паўночнаатлантычны саюз працягвае разгортваць ваенныя аб'екты на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі.

Як паведамляла Еўрарадыё, адзначыў беларускі кіраўнік і Расію. "Паводзіны нашага ўсходняга роднага брата не можа не насцярожваць. Але мы пакуль не робім з гэтага нейкіх высноў, я ў тым ліку, да размовы з прэзідэнтам Расіі", — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што эканоміка для любой дзяржавы — вельмі небяспечны кірунак удару, асабліва для экспартна арыентаванай і асабліва ў цяперашняй сітуацыі.

Лукашэнка дадаў, што "калі ў кагосьці ўзнікне думка прыйсці да нас з мячом, то ён таксама павінен быць упэўнены, што ад гэтага мяча атрымае".

Па выніках пасяджэння Аляксандр Лукашэнка падпісаў рашэнне і Дырэктыву на абарону дзяржавы.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі