Аляксандр Лукашэнка: Расія павінна адмовіцца ад сваіх імперскіх памкненняў

Аляксандр Лукашэнка: Расія павінна адмовіцца ад сваіх імперскіх памкненняў

Беларусь не адмаўляецца ні ад аднаго пункта дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, але хоча, каб умовы былі роўныя. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 красавіка ў інтэрв'ю МТРК "Мір".

Самым сур'ёзным пытаннем гэтай дамовы на сёння ён назваў адзіную валюту. "Мы не супраць адзінай валюты, але толькі гэта павінна быць нейтральная валюта. Гэта не беларускі рубель, не расійскі", — цытуе БЕЛТА выказванне Лукашэнкі.

Па яго словах, галоўнае праблема тут палягае ў тым, як будзе ажыццяўляцца кантроль над эмісійным цэнтрам. "Гэта будзе на роўных або, паколькі Расія вялікая, яна будзе кіраваць сваім рублём, а мы свой ліквідуем і да іх далучымся?" — запытаўся кіраўнік Беларусі. 

Ён прыгадаў пачатак 1990-х і заявіў, што тады Расія проста выкінула Беларусь з рублёвай зоны, увёўшы сваю валюту. "Я не хачу гэта паўтараць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе ж тут тады будзе наш суверэнітэт?" — патлумачыў Лукашэнка.

Па яго словах, Беларусь гатовая весці далейшыя перамовы з Расіяй, калі тая адмовіцца ад імперскай палітыкі: "Калі Расія сёння, адмовіўшыся ад гэтых імперскіх памкненняў (мы вялікія, а вы малыя), гатовая на гэта, давайце весці перамовы, давайце будзем вызначацца".

Цікава, што абвінавачанне Расіі ў імперскіх амбіцыях прагучала ад Лукашэнкі ў "Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі