Аляксандр Лукашэнка піша асадкай з "Прагулкай" Марка Шагала

Аляксандр Лукашэнка піша асадкай з "Прагулкай" Марка Шагала

4 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Анатоля Ісачэнку губернатарам Мінскай вобласці. На здымак, зроблены прэс-службай беларускага лідара, трапіў масіўны стол, за якім Лукашэнка часта праводзіць сустрэчы з чыноўнікамі. 

Увагу Еўрарадыё прыцягнулі пісьмовыя прылады. А дакладней, адна з асадак, што ёсць на стале. Прыгледзеўшыся, мы заўважылі на ёй прынт карціны Марка Шагала "Прагулка"!

Аляксандр Лукашэнка піша асадкай з "Прагулкай" Марка Шагала
Асадка павернута да нас фрагментам прынта, які адпавядае праваму боку карціны Шагала.

Марк Шагал напісаў "Прагулку" у 1917 годзе, так што сёлета ў карціны стогадовы юбілей. Біёграфы лічаць карціну аўтабіяграфічнай: на ёй выяўлены сам мастак і яго жонка Бэла Розенфельд. Марк часта маляваў Бэлу — па некаторых падліках, яна выяўлена на 2000 яго працаў. 

На гэтай карціне мастак метафарычна выяўляе прымаўку пра жураўля ў небе і сініцу ў руках. Калі прыгледзецца, у правай руцэ мастака можна ўбачыць невялічкую птушачку. Але і "жураўля" — Бэлу — ён з рук не выпускае. Ці ведае Аляксандр Лукашэнка пра гэты сэнс сваёй асадкі — нам невядома. Але ж яна можа паслужыць выдатнай ілюстрацыяй да гнуткай палітыкі, якую праводзіць беларускі лідар.

Дарэчы, сёння, 7 ліпеня 2017 года, спаўняецца роўна 130 гадоў са дня нараджэння віцебскага мастака. Але для беларусаў гэтая дата крыху адыходзіць у цень, бо Марк Шагал нарадзіўся ў адзін дзень з класікам нашай літаратуры Янкам Купалам. Толькі на 5 гадоў пазней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі