Akute адмовіліся ад гітар і запісваюць альбом у "нуарным электронным фармаце"

Akute адмовіліся ад гітар і запісваюць альбом у "нуарным электронным фармаце"

Магілёўскія інды-рокеры Akute прыступілі да запісу новага, пятага па ліку, альбома. Ён будзе электронным.

"Пакуль што цяжка сказаць, якім ён будзе на выхадзе, але дакладна будуць сапраўдныя для нас эксперыменты, у некаторых песнях увогуле не будзе жывых інструментаў. Мы пераходзім у нуарны электронны фармат", — інтрыгуе бас-гітарыст і аўтар тэкстаў песень гурта Раман Жыгараў.

Па словах Рамана, музыкі запісваюць кружэлку "дома на каленцы". Яны робяць шмат перадпрадакшну, ведаюць, як хочуць гучаць. Таму слухачы пачуюць "зусім не тых Akute, якія былі дагэтуль":

"У нас прыкладна дзевяць песень больш-менш гатовых. І нам падабаецца, як усё гучыць ужо цяпер. Таму мы не бачым сэнсу гэта адпраўляць кудысьці на звядзенне. Мы задаволеныя тым, у якім бок мы рухаемся, але пакуль не ведаем, як будзем гэта граць".

Музыка кажа, цяпер, апроч звыклых для Akute інструментаў, на сцэне з'явіцца новае аздабленне, а на жыва гурт будзе гучаць інакш, больш цікава, чым на "халодным" запісе.  

У тэкставым і вобразным плане Akute не зменяцца, абяцае Раман.

У бліжэйшы час Akute прадставяць сінгл з альбома, які запісваюць прама цяпер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі