Аказалі бальніцы дапамогу — і забралі ўсё назад? Насамрэч не

Цюкі з СІА загружаюцца назад у багажнік аўтамабіля
Цюкі з СІА загружаюцца назад у багажнік аўтамабіля

14 траўня на канале "Беларусь 1" выйшаў рэпартаж пра тое, як беларускія прафсаюзы падтрымліваюць медыкаў. Старшыня Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі сам прывёз у Мінскую ЦРБ сродкі індывідуальнай аховы — дэзынфікавальныя гелі, каля трох тысяч бахіл, камбінезоны. Увагу гледачоў прыцягнулі кадры, дзе Маліноўскі расказвае пра дапамогу, а на заднім плане цюкі з СІА... загружаюцца назад у багажнік аўтамабіля.

Натуральна, пад відэа — дзясяткі негатыўных каментароў. Што адбываецца? Мы звязаліся з Віктарам Маліноўскім, за чыёй спінай цюкі загружаюць у машыну.

— Да мяне падышоў доктар і сказаў: "Віктар Тадэвушавіч, адвязіце гэтыя рэчы на склад, каб іх не насілі нашы жанчыны". Загрузілі, адвезлі, я ж не мог сказаць: "Цягайце", — каментуе функцыянер. — У мяне слоў няма. Не думаў, што ёсць такое стаўленне ў людзей. Здарылася нейкае непаразуменне, а людзі ўжо хутчэй па-свойму трактаваць. Адно толькі спадабалася: 53 тысячы паглядзела. Думаю, можа, не ва ўсіх неяк мазгі завёрнуты ў іншы бок.

Па словах Маліноўскага, з пункту гледжання тэлевізійнага майстэрства тое, што было паказана, магчыма і памылка. Але ніякая не падстава. Прафсаюз па-сумленнаму прывёз у бальніцу бахілы і камбінезоны.

— Прыкра. Проста не думаў, што ў нас ёсць такія людзі, што думаюць, што чыноўнікі ці грамадскія арганізацыі займаюцца нейкімі такімі справамі. Як можна добрую справу ўзяць і апляваць? — дадае ён.

Мінскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў — абласны прафцэнтр Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, які аб'ядноўвае 15 галіновых прафсаюзаў колькасцю больш за 501 тысячу чалавек.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі