Аднаго з вядучых беларускіх псіхатэрапеўтаў вінавацяць у сексуальным харасменце
Харасмент, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У сексуальным харасменце вінавацяць аднаго з вядучых беларускіх псіхатэрапеўтаў.
Адпаведны зварот з'явіўся 15 жніўня ў буйным пабліку "Чорны спіс псіхолагаў". Група дзяўчат-псіхолагаў вінаваціць псіхатэрапеўта Дзмітрыя Дзьякава ў сексуальным харасменце, злоўжыванні ўладай і выкарыстанні залежнасці ў прафесійных адносінах.
"Мы доўгі час маўчалі ад страху, сораму і боязі за сваю прафесійную рэпутацыю і кар'еру. Цяпер мы лічым неабходным парушыць гэтае маўчанне і звярнуцца па падтрымку да калег ды іншых людзей, якія маглі сутыкнуцца з аналагічным досведам", — пішуць аўтаркі звароту. Яны сцвярджаюць, што дамаганні доўжацца не менш за восем гадоў.
Дзмітрый Дзьякаў — прафесар кафедры сацыяльнай і арганізацыйнай псіхалогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, намеснік старшыні праўлення Беларускага таварыства кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі, афіцыйны прадстаўнік беларускай арганізацыі ў European Association for Behavioural and Cognitive Therapies.
Аўтаркі звароту таксама сцвярджаюць, што перадалі яго ў міжнародныя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з Дзьякавым.
ТГ-канал "Белыя халаты" заяўляе, што атрымаў скрыншоты перапіскі, якія сведчаць пра неэтычныя і непрафесійныя паводзіны Дзьякава са студэнткамі і/ці супервізанткамі.
Пра сексуальны харасмент з яго боку тг-каналу таксама паведамілі некалькі іншых незалежных і дакладных крыніцаў.
"Я не ведаю ўсіх людзей, якія падпісаліся пад гэтым зваротам, але ведаю прынамсі двух чалавек, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай асабіста. І ў мяне няма ніякіх падставаў не давяраць іх словам. Акрамя гэтага ёсць і іншыя прычыны, якія, на мой погляд, даюць падставу ставіцца да заяваў максімальна сур'ёзна.
Першая: статыстыка паказвае, што ў пераважнай большасці выпадкаў, калі выстаўляюцца такія абвінавачванні, яны праўдзівыя", — каментуе сітуацыю псіхіятр Уладзімір Пікірэня.
Другой прычынай ён называе тое, што гэтая тэма ў Беларусі вельмі моцна стыгматзаваная. І аўтаркі звароту вельмі рызыкуюць, бо могуць атрымаць "вялікае грамадскае асуджэнне як з боку грамадства, так і калег".