Аэраклуб "Баравая" не збіраецца спыняць палёты самалётаў над Мінскам

Цэнтральны савет ДТСААФ не збіраецца адмяняць палёты самалётаў аэрадрома клуба "Баравая" над Мінскам. Пра гэта "Інтэрфаксу" заявіў намеснік старшыні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ДТСААФ Пётр Лебедзеў. Па ягоных словах, кіраўніцтва арганізацыі ведае, што ёсць скаргі ад жыхароў дамоў Першамайскага раёна на палёты самалётаў аэрадрома клуба "Баравая". Аднак большасць дамоў былі пабудаваныя з парушэннем заканадаўства, адзначае Лебедзеў. Перш чым ставіць жылы будынак каля аэраклуба, неабходная згода гэтай установы. Ніхто будаўніцтва з клубам не ўзгадняў. Дамы з'явіліся там, калі аэраклуб ужо існаваў.

Лебедзеў распавёў, што пытанне пра перанос аэрадрома клуба "Баравая" з мінскага прыгарада распрацоўвалася, на яго месцы плануюць пабудаваць жылы комплекс. Будаўніцтва новага аэраклуба запланаванае ў Лагойскім раёне, каля горналыжнага комплексу "Сілічы". Але з-за фінансавага крызісу пытанне наконт яго дагэтуль не вырашанае канчаткова.

Намеснік старшыні ДТСААФ заявіў, што гарантуе бяспеку палётаў. У арганізацыі, па ягоных словах, дасведчаныя пілоты. Згадку, што загінулыя ў нядзелю ў Польшчы палкоўнікі ваеннай авіяцыі былі пілотамі самога высокага ўзроўню падрыхтоўкі, Лебедзеў пакінуў без каментароў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі