Адміністратару чата "МАЗ 97%" пагражае да 12 гадоў зняволення

Акцыя пратэсту на МАЗе ў жніўні 2020-га года / Еўрарадыё
Акцыя пратэсту на МАЗе ў жніўні 2020-га года / Еўрарадыё

Да 12 гадоў пазбаўлення волі пагражае адміністратару чата "МАЗ 97%". СК даў справаздачу пра завяршэнне расследавання.

У справе два фігуранты, расказаў начальнік упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску Сяргей Паско. Гэта 20-гадовы адміністратар і адзін з актыўных удзельнікаў чата — 29-ці гадовы жыхар Мінска, паведамляе БЕЛТА.

Паводле версіі СК, адміністратар стварыў чат, які цяпер лічыцца "экстрэмісцкім фарміраваннем". У чаце было больш за тысячу чалавек. Там публікавалася інфармацыя, якая, паводле слоў Паско, утрымлівала "заклікі да ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу". Адміністратар удзельнічаў у пратэсных акцыях і мае дачыненне, лічыць следства, да прыпынення працы прадпрыемства ў жніўні 2020-га года.

Тады "частка работнікаў прадпрыемства сумесна з фігурантам пакінула свае працоўныя месцы і ўзяла ўдзел у вулічным шэсці. У выніку названых дзеянняў быў спынены галоўны зборачны канвеер, што пацягнула за сабой парушэнне працы прадпрыемства", — кажа Паско.

Адзін з найбольш актыўных удзельнікаў гэтых масавых шэсцяў на прадпрыемстве таксама зрабіўся фігурантам справы. Следства лічыць, што яны "здзейснілі дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

Затрыманым "у залежнасці ад ролі кожнага з іх" прад'яўленыя абвінавачванні па трох артыкулах КК: стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем ( ч. 1 арт. 361-1), арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), і публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, здзяйснення акту тэрарызму (ч. 3 арт. 361).

Абодва фігуранты — пад вартай. Абодва раней не судзімыя. У адміністратара чата ёсць маленькае дзіця. Праваабаронцы нагадваюць, што экстрэмісцкім фарміраваннем МАЗаўскі чат быў прызнаны толькі ў канцы траўня гэтага года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі