АДКБ створаная Расіяй для Расіі: арганізацыя будзе існаваць толькі фармальна

Лідары краін АДКБ на саміце да 20-годдзя арганізацыі / Ведомости
Лідары краін АДКБ на саміце да 20-годдзя арганізацыі / Ведомости

Канфлікт Азербайджана і Арменіі паказаў нежыццяздольнасць АДКБ. Арганізацыя не знікне, але будзе працаваць фармальна, лічаць эксперты.

Еўрарадыё даведалася, чаму так адбываецца.

Ноччу 13 верасня Арменія паведаміла, што Азербайджан абстрэльвае яе тэрыторыю. Азербайджан назваў гэта адказам на "шырокамаштабную правакацыю". Арменія як сябра АДКБ папрасіла дапамогі ў арганізацыі. Паводле дамовы АДКБ, удзельнікі дапамагаюць партнёрам у выпадку знешняй агрэсіі. Аднак іншыя сябры АДКБ — Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан — адказалі, што сілавое ўрэгуляванне канфлікту непрымальнае. Фактычна Арменія атрымала адмову.

 

Прызнацца, што АДКБ не працуе, балюча для Расіі

Відавочна, што АДКБ працуе не так, як задумвалася. Усё ж пра развал арганізацыі гаварыць не даводзіцца, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

— Гэта адзін з першых расійскіх інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы. Знішчыць нешта накшталт АДКБ або прызнацца, што АДКБ не працуе, для расійскага ўрада было б вельмі балюча. Таму існаваць арганізацыя будзе.

Што будзе з сяброўствам Арменіі ў гэтай арганізацыі — пытанне цікавае, таму што сярод армянскіх палітыкаў і сярод грамадства назіраецца незадаволенасць. Напэўна, нават апошнія аптымісты зразумелі, што разлічваць на дапамогу Расіі не выпадае. За плячыма Азербайджана знаходзіцца Турцыя, гатовая яго падтрымаць. А Расія паказвае, што не хоча псаваць адносіны з Турцыяй.

17–19 верасня ў Арменіі была з візітам спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі. Гэта сігнал Расіі, але Арменія не можа цалкам адмовіцца ад яе падтрымкі, адзначае Фрыдман.

— Мне здаецца, кантактаў паміж Ерэванам і Вашынгтонам будзе больш, гэта такі прымітыўны сігнал Расіі. Вось бачыце, вы нам не дапамаглі, мы паспрабуем на іншым кірунку. Але геапалітычнае становішча Арменіі цяпер такое складанае, што цалкам змяніць знешнепалітычны вектар і арыентавацца выключна на Захад Арменія не можа сабе дазволіць. Каб Арменія выйшла з АДКБ, павінна здарыцца нешта радыкальнае.

 

АДКБ для статусу Расіі, а не для вырашэння праблем

Дацэнтка, кандыдатка гістарычных навук, незалежная экспертка Роза Турарбекава таксама лічыць АДКБ правальным праектам, які ўсё-ткі будзе існаваць дзякуючы Расіі. Карысці ад гэтага мала, таму што ўдзельнікі АДКБ проста не зацікаўленыя вырашаць праблемы партнёраў.

— Для Рэспублікі Беларусь наогул цікава прымаць удзел ва ўрэгуляванні канфліктаў на Каўказе ці ў Цэнтральнай Азіі? Яшчэ да 2020 года пазіцыя была абсалютна дакладна і ясна вядомая — не. Казахстанскім уладам цікава? Не, таму што Азербайджан адзін з важных гандлёвых партнёраў Казахстана. Ужо не кажучы пра тое, што ён, умоўна, роднасная краіна, туркамоўная.

Цяпер паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам праблема, звязаная з неўрэгуляванасцю мяжы. У гэтай сувязі перыядычна ўспыхваюць сутыкненні. На чыім баку АДКБ можа прымаць удзел ці якім чынам яна можа прапанаваць механізмы для вырашэння гэтай праблемы? Адказу да гэтага часу няма і, як відаць, не будзе. Таму што гэтая арганізацыя створана Расіяй для таго, каб умацаваць яе сферу ваеннага і палітычнага ўплыву.

І хоць арганізацыя не можа нармальна працаваць, напрыклад, Казахстан не стане з яе выходзіць праз Расію.

— Гэта небяспечна. Але ў развіцці гэтай арганізацыі, у сэнсе міратворчасці, урэгулявання канфліктаў, Казахстан наўрад ці будзе прымаць удзел. Няма цікавасці, бачання таго, навошта гэта трэба Казахстану, — робіць выснову Турарбекава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі