Ад $750 млн да $4 млрд у год: колькі Беларусі могуць каштаваць еўрасанкцыі

Старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль / Reuters
Старшыня Еўрасавета Шарль Мішэль / Reuters

Пасля пасадкі самалёта Ryanair у Мінску і затрымання Рамана Пратасевіча еўрапейскія чыноўнікі нібы спаборнічаюць у тым, хто прыдумае для Беларусі самыя жорсткія санкцыі. Сярод самых смелых прапаноў: абмежаваць экспарт угнаенняў, транзіт расійскага газу, транзіт тавараў наземным транспартам. Таксама абмяркоўваецца забарона на выпуск каштоўных папер, намінаваных у еўра, на еўрапейскіх біржах.

Не факт, што ўсе гэтыя прапановы будуць рэалізаваныя. Але мяркуючы па выказваннях еўрапейскіх бюракратаў, гэтым разам яны настроеныя рашуча. Напрыклад, Ангела Меркель заявіла: "Яны [санкцыі. — Еўрарадыё] правільныя і неабходныя. Сітуацыя засмучальная, і гэта не зменіць сустрэча прэзідэнта Лукашэнкі і прэзідэнта Пуціна ў Сочы".

Еўрарадыё палічыла, наколькі адчувальнымі могуць быць страты для беларускай эканомікі ў кожным з варыянтаў санкцый. І даведалася ў экспертаў, наколькі складана беларускім уладам будзе справіцца з іх наступствамі.

 

Угнаенні: -$400 млн

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
Беларусь — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калію ў свеце / Еўрарадыё

Беларусь — вядомы ў свеце экспарцёр калійных і азотных угнаенняў. Напрыклад, у 2020 годзе наша краіна прадала калійных угнаенняў на $2,41 млрд. Гэта 8,3% ад усяго экспарту.

Доля Еўрасаюза па данай групе была невялікая. У тройку самых буйных пакупнікоў увайшлі Бразілія (24,3%), Кітай (13,2%) і Індыя (12%). А на краіны ЕС і Вялікабрытанію прыпала толькі 8,3%. Яшчэ 4,1% — на ЗША. Гэта значыць, у выпадку ўвядзення санкцый на экспарт калійных угнаенняў — гэта -12,4%. Інакш кажучы, экспарт зменшыцца на $300 млн.

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
Экспарт калійных угнаенняў у 2020 годзе / звесткі Белстата

Хоць у Еўропу і ЗША прадаецца адносна няшмат, у іншыя краіны калій трэба неяк даставіць. Тое, наколькі балючымі будуць санкцыі па каліі, залежыць ад таго, ці ўвядзе ЕС абмежаванні на транзіт угнаенняў.

— Перавозка ажыццяўляецца ў значнай ступені марскім шляхам. Перавалка — у порце Клайпеды, дзе ёсць калійны тэрмінал. Калі давядзецца з яго пераводзіць калійныя ўгнаенні, гэта зробіць транзіт больш дарагім, а кантракты менш прыбытковымі, — кажа акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова. — Можна перавесці транспартаванне ў расійскія парты, але там няма спецыяльных калійных тэрміналаў. Гэта страта часу. У залежнасці ад умоў кантракта гэта можа выклікаць непрыемнасці.

Магчымыя абмежаванні на транзіт праз парты Балтыі замарозяць каля 90% паставак калійных угнаенняў, адзначае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
Для транспартавання калію Беларусь выкарыстоўвае марскія парты / Reuters

— Калійныя пастаўкі летась — гэта больш за восем адсоткаў экспарту. Гэта пры тым, што летась да канца вясны не было кантрактаў з Індыяй і Кітаем. Таму аб'ёмы на гэты год перавышаюць леташнія. І калі забараніць транзіт калійных угнаенняў, гаворка ідзе пра велізарныя сумы, — кажа аналітык.

Ён заўважае, што ад такога рашэння пацерпіць не толькі Беларусь, але і транзіцёры — краіны Балтыі.

— Наколькі яны з гэтым пагодзяцца, пытанне пакуль адкрытае, а рашэнні ў ЕС прымаюцца кансэнсусам, — дадае Іосуб.

Акрамя калійных, ёсць яшчэ азотныя ўгнаенні. Іх у 2020 годзе Беларусь прадала на $181 млн. Тут ЕС мае нашмат большую вагу. Самы буйны пакупнік у 2020 годзе — Францыя (27,8%). За ёй Украіна (24%), Нідэрланды (8,6%), Літва (7,7%) і Вялікабрытанія (7,4%).

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
Экспарт азотных угнаенняў у 2020 годзе / звесткі Белстата

Калі ЕС адмовіцца ад азотных угнаенняў, то беларускі экспарт па гэтым артыкуле прасядзе больш чым напалову.

Вынік: санкцыі па ўгнаеннях могуць каштаваць Беларусі каля $400 млн. Плюс страты ад магчымага абмежавання на транзіт, якія цяжка падлічыць.

 

Транзіт газу: -$350 млн

Еўракамісар па знешняй палітыцы Жазеп Барэль запатрабаваў, каб расійскі газ перастаў ісці ў Еўропу праз Беларусь. Калі да гэтага дойдзе, то беларускі бюджэт страціць каля $350 млн у год, лічыць аналітык у сферы энергетыкі Таццяна Манёнак.

Кацярына Барнукова адзначае, што "Газпрам трансгаз Беларусь", які займаецца газазабеспячэннем і транспартаваннем газу, — адзін з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Беларусі. А Вадзім Іосуб лічыць, што спыненне транзіту газу — не самая імаверная санкцыя, бо гэта можа паставіць пад пагрозу энергетычную бяспеку Еўропы.

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
У Расіі ёсць магчымасць пастаўляць газ у Еўропу ў абыход Беларусі / Reuters

Зрэшты, ужо цяпер еўрапейскія палітыкі кажуць, што Еўропа ў небяспецы менавіта ў сувязі з тым, што газ у яе паступае праз Беларусь. Напрыклад, прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд заявіла, што трэба спыніць усе транзітныя перавозкі праз Беларусь. Таму выключыць, што жаданне паменшыць залежнасць ад Лукашэнкі і пераразмеркаваць газавыя патокі будзе ўвасоблена ў канкрэтныя рашэнні, нельга.

— Калі цалкам забараніць транзіт газу, тэарэтычна Расія можа накіраваць яго праз Паўночны паток — 1, які дабудаваны, і праз Украіну. Гэта зойме не адзін дзень, але ў прынцыпе такое рашэнне будзе біць менавіта па Беларусі, а не па Расіі, — кажа Вадзім Іосуб.

 

Наземны транзіт: мільярды

У 2020 годзе Беларусь экспартавала паслуг на $8,8 млрд. З іх 42%, або $3,7 млрд, — транспартныя паслугі. Расія па гандлі паслугамі — асноўны партнёр Беларусі (35% знешняга абароту), за ёй краіны ЕС (31%). На ЗША прыпадае 9%.

Але на забарону наземнага таварапатоку Еўропа не пойдзе, мяркуе Вадзім Іосуб:

— Праз нас ідзе транспарт з Еўропы ў кірунку Расіі, Азіі, Кітая. І са зваротнага боку таксама. Калі ўсе пачнуць аб'язджаць яго па Балтыцы, проста не хопіць прапускной здольнасці. Праз Украіну таксама незразумела як. На гэтых шляхах ляжаць гарачыя кропкі. Таму пакуль гэта не бачыцца імаверным.

 

Еўрабонды: недаатрыманая валюта

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
Летась Беларусь размясціла еўрабондаў на $1,25 млрд / Reuters

Еўрасаюз мае намер забараніць Беларусі выпускаць аблігацыі ў еўра на еўрапейскіх біржах. У найбліжэйшы час беларускія ўлады наўрад ці разлічвалі на выпуск еўрабондаў. Хоць мінулым летам, незадоўга да выбараў, іх атрымалася размясціць на $1,25 млрд.

— У цяперашняй сітуацыі беларускія ўлады наўрад ці знайшлі б не толькі ахвотных купіць гэтыя аблігацыі, але і інвестбанк, які б размясціў іх. Другі момант у тым, што гаворыцца пра выпуск бондаў у еўра. А мы нават еўрабонды апошнім часам выпускалі ў доларах, — кажа Кацярына Барнукова.

Вадзім Іосуб дадае, што пэўны ўплыў ад такой санкцыі ўсё ж будзе.

— Хутчэй за ўсё, гэта адаб'ецца на даходнасці аблігацый, якія Беларусь плануе размясціць на расійскім рынку. Пасля такога рашэння там давядзецца пазычаць даражэй, чым гэта было б без такіх санкцый.

 

Падсумаванне

От $750 млн до $4 млрд в год: сколько Беларуси могут стоить европейские санкции
Дэфіцыт беларускага бюджэту будзе расці / Reuters

Калі санкцыі сапраўды будуць прынятыя, то Беларусь, паводле грубых падлікаў, можа страціць за год ад $750 млн да $4 млрд у доларавым эквіваленце, або да 10 млрд беларускіх рублёў. Гэта само па сабе даволі шмат — напрыклад, дэфіцыт бюджэту Беларусі на 2021 год пакуль што ацэньваецца ў 6 млрд рублёў. Уявіце, што аднекуль трэба ўзяць яшчэ 10 млрд.

Да таго ж гаворка ідзе пра экспарт, гэта значыць пра паступленне валюты ў Беларусь. У самым горшым варыянце (які, як заўважыў Вадзім Іосуб, не самы імаверны) Нацбанк не зможа закрыць дэфіцыт валюты з ЗВР, паколькі ў валюце на 1 траўня намінаваныя рэзервы на $2,8 млрд у эквіваленце. А недахоп валюты, калі яго заўважаць людзі, можа справакаваць абвал курса рубля. Але гэта ў самым горшым варыянце.

Як адзначылі апытаныя эксперты, санкцыі балючыя і для тых, хто іх уводзіць. Таму частка з іх можа быць заблакаваная ў працэсе абмеркавання.

ЕС можа перапыніць супрацоўніцтва з Беларуссю і па іншых, не такіх прыкметных напрамках. Напрыклад, "Белавія" і грузавыя беларускія авіякампаніі ўжо нясуць страты праз закрыццё для палётаў еўрапейскага неба.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі