Аб'яднаны пераходны кабінет — пра катаванні беларускіх палітвязняў

Лістоўка Віктара Бабарыкі, 2020 год / З архіва Еўрарадыё
Лістоўка Віктара Бабарыкі, 2020 год / З архіва Еўрарадыё

Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі зрабіў заяву аб умовах турэмнага ўтрымання і стане здароўя Віктара Бабарыкі. Стала вядома, што палітвязня прывозілі збітым у наваполацкую бальніцу. Афіцыйнай інфармацыі пра яго стан няма, як невядома, дзе ён цяпер знаходзіцца.

"Рэжым працягвае парушаць усе магчымыя міжнародныя стандарты абыходжання з вязнямі ў турмах, заяўляе АПК. — Само па сабе зняволенне Віктара Бабарыкі, экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта, не мае прававога абгрунтавання і з’яўляецца палітычна матываваным пераследам. Для цывілізаванага свету гэта чарговая дэманстрацыя злачыннасці Лукашэнкі і яго памагатых".

Аб'яднаны пераходны кабінет заклікае "да працягу рашучых дзеянняў уладаў суседніх дэмакратычных краін — найперш Літвы і Польшчы, якія дамагаюцца ад рэжыму Лукашэнкі вызвалення палітвязняў праз закрыццё таварных пагранпераходаў і іншыя меры санкцыйнага характару". Падкрэсліваецца, што недапушчальна і немагчыма "весці перамоўны працэс з рэжымам аб зняцці санкцый у сітуацыі, калі беларускія палітзняволеныя падвяргаюцца ў турмах катаванням, псіхалагічнаму ціску, рознабаковым неабгрунтаваным абмежаванням". АПК лічыць, што "пачатак перамоў аб паслабленні санкцый магчымы выключна пасля спынення рэжымам рэпрэсій і вызвалення ў першую чаргу палітычных зняволеных, якія не павінны знаходзіцца за кратамі па меркаваннях гуманнасці".

АПК патрабуе дапусціць да палітвязня яго адвакатаў і сваякоў, і "даць магчымасць грамадскасці ўвачавідкі пераканацца ў тым, што стан Віктара Бабарыкі з’яўляецца “здавальняючым” і яму аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога".

"Мы заклікаем міжнародную супольнасць напоўніцу выкарыстоўваць інструмент санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі як самы адэкватны цывілізаваны спосаб прыцягнення злачынцы да адказнасці за бесперапынна здзяйсняемыя ім злачынствы супраць чалавечнасці", — гаворыцца ў заяве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі