Абвінавачаны па справе Аўтуховіча: Расія заўсёды была ворагам для Беларусі

Абвінавачаны па справе Аўтуховіча: Расія заўсёды была ворагам для Беларусі

У гродзенскай турме працягваецца гучны судовы працэс над "групай Аўтуховіча". Працягваецца допыт абвінавачных. Як піша grodnonews.by, у панядзелак дапытвалі Віктара Снегура, які дапамагаў Мікалаю Аўтуховічу нелегальна пераходзіць беларуска-украінскую мяжу. Снегур — ураджэнец Украіны, аднак пасля з бацькамі пераехаў у Беларусь. У войску ён служыў у разведбатальёне. У 2014-м быў асуджаны за "арганізацыю незаконнай міграцыі", два гады правёў у зняволенні (там і пазнаёміўся з тагачасным палітвязнем Аўтуховічам).

Віктар Снегур з усіх абвінавачных ведае толькі Аўтуховіча. Ён заявіў у судзе, што не ведаў нічога пра зброю ці пра акцыі, якія праводзіў, планаваў яго знаёмы.

Снегур кажа, што ён "супраць курсу дзеючай улады", а таксама "ставіўся з падазрэннем і з асцярогай да цесных стасункаў з Расіяй".

"Па якой прычыне?" — спытала пракурор.

"Таму што, зыходзячы з гісторыі, Расія заўсёды была ворагам для Беларусі", — адказаў абвінавачаны.

Па гучнай справе праходзіць 12 чалавек. Суд праходзіць з 18 траўня. Аўтуховіча і іншых затрымалі ў канцы 2020-га. Па версіі следства, ён быў арганізатарам і кіраўніком "злачыннай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў, стварала схованкі са зброяй, рыхтавала новыя акцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі