Вы тут

Абвінавачанне супраць Кевіна Спэйсі развалілася ў судзе

Кевін Спэйсі / Reuters

Пракуратура амерыканскага штата Масачусэтс зняла абвінавачанні з актора Кевіна Спэйсі, перадае Бі-Бі-Сі. 

Артыста вінавацілі ў сексуальных дамаганнях да 18-гадовага сына тэлевядоўцы Хезер Анру. Па словах юнака, тры гады таму Спэйсі напаіў яго ў рэстаране і пачаў дамагацца. Актор віну не прызнаваў.

У якасці доказу ў справе фігураваў смартфон хлопца, дзе захоўваліся запісы і паведамленні. На судовых слуханнях абарона Спэйсі заявіла, што са смартфона была выдаленая частка даных, што само па сабе з'яўляецца злачынствам. Суддзя запатрабаваў прад'явіць смартфон, але адвакаты юнака адказалі, што тэлефон знік.

Калі суддзя выклікаў на дачу паказанняў пацярпелага, той спаслаўся на пятую папраўку да Канстытуцыі ЗША, якая дазваляе не сведчыць супраць самога сябе.

Юрысты Спэйсі прапанавалі спыніць справу праз дапушчаныя парушэнні. Пракуратура зняла абвінавачванні з акцёра.

Спэйсі вінавацілі ў сексуальных дамаганнях у некалькіх краінах, але да суда пакуль дайшла толькі справа ў Масачусэтсе. 

У лістападзе 2017 года кіраўніцтва лонданскага тэатра "Олд Вік" паведаміла пра 20 скаргаў на непрыстойныя паводзіны Спэйсі ад цяперашніх і былых супрацоўнікаў тэатра. Артыст 11 гадоў быў мастацкім кіраўніком гэтай установы. Цяпер паліцыя Лондана расследуе шэсць абвінавачванняў супраць яго за сексуальныя дамаганні. Спэйсі настойвае на сваёй невінаватасці.

Пасля таго як выбухнуў скандал, прадзюсары выдалілі сцэны з удзелам Спэйсі з некалькіх карцін, якія здымаліся на той час. Напрыклад, заключны сезон серыяла "Картачны дамок" здымаўся без удзелу Спэйсі, які раней быў галоўным героем фільма.