Вы тут

Абурацца ці шкадаваць: як ставіцца да мігрантаў на мяжы з Польшчай

Мігранты на мяжы Беларусі і Польшчы 8 лістапада / BelTA via AP

"Я, вядома, не расіст, але..." — напісала адна карыстальніца твітара і атрымала мноства варыянтаў працягу: ад "але мусульман бы да нас не пускаў" да асуджэння за такія канструкцыі. З траўня, калі пачаўся міграцыйны крызіс на межах Беларусі і Еўрасаюза, у сацсетках не асабліва выказваліся на гэты конт. Плаціну прарвала ў дзень, калі тысячы мігрантаў сабраліся і прайшлі калонай да польскай мяжы.

Раней у інстаграме і тыктоку можна было ўбачыць фатаграфіі "турыстаў", відэа з арабскімі танцамі на вуліцах і жарты на тэму беларускіх славутасцяў. Цяпер жа сотні юзараў уцягнутыя нават не ў дыскусію, а ў чарговы вялікі бульбасрач на тэму таго, як ставіцца да гасцей з Ірана, Ірака, Сірыі і іншых краін.
 

Халяўшчык ці чалавек?

Уявім сабе наступную карціну: тысячы беларусаў пасля жніўня 2020-га паехалі ў Польшчу, а палякі пачынаюць масава казаць: "А чаго вы сюды працеся, валіце назад у сваю краіну". Вось толькі палякі сабе такога не дазвалялі.

Ёсць контраргумент: беларусы ўцякалі з Беларусі не ад самага лепшага жыцця. І тут зноў паспрачаюся: а курды ўцякаюць ад самага лепшага жыцця? Хто наогул куды-небудзь уцякае ад самага лепшага жыцця?

У лагеры мігрантаў / BelTA via AP

Але важна і іншае. Цемрашальскія (інакш не скажаш) развагі пра тое, ці вартыя мігранты (закрэслена: яны л ю д з і) бяспекі і лепшага жыцця, адцягваюць ад галоўнага. Ад таго, хто вінаваты ў гэтай гуманітарнай катастрофы і як гэта спрабуюць выкарыстоўваць.

Ва ўнісон з прапагандай

Дзяржаўная прапаганда з усіх сіл адводзіць увагу ад прычын узнікнення крызісу. Яны кажуць, што ў "мігранцкім крызісе" вінаваты "калектыўны Захад": маўляў, без бамбаванняў Багдада гэтага ўсяго не было б. А ў канкрэтна цяперашняй сітуацыі на межах Беларусі і ЕС вінаватыя бессардэчныя еўрапейскія памежнікі. Што гучыць дзіўна, улічваючы, што мігранты размясціліся на тэрыторыі Беларусі.