Вы тут

Абстрэл Львова і эвакуацыя з "Азоўсталі" — 83-я раніца вайны

Эвакуацыя абаронцаў "Азоўсталі" / Reuters

У Львове гэтай ноччу гучалі выбухі. Сам горад не пацярпеў. Абстраляны аб'ект ваеннай інфраструктуры на тэрыторыі Явораўскага раёна, амаль на мяжы з Польшчай, удакладніў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі. Па яго словах, спрацоўвала сістэма СПА. Ён таксама паабяцаў больш інфармацыі раніцай.

Неспакойна было гэтай раніцай і ў Чарнігаўскай вобласці. У выніку абстрэлу пацярпелі людзі.

"Раніцай вораг вораг нанёс ракетныя ўдары па пасёлку Дзясна ... Папярэдне, у нас ёсць загінулыя і шмат параненых", —  распавёў кіраўнік абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус.

У ноч на аўторак таксама стала вядома аб эвакуацыі з Марыупаля больш за 260 украінскіх вайскоўцаў, якія трымалі абарону на заводзе "Азоўсталь". Гэта быў няпросты дзень, так ацаніў сітуацыю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Але і гэты дзень, па яго словах, скіраваны на тое, "каб зберагчы нашу краіну і нашых людзей".

"Дзякуючы дзеянням украінскіх вайскоўцаў Узброеных Сіл Украіны, выведкі, а таксама перамоўнай групы, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа і ААН маем надзею, што ўдасца захаваць жыцці нашых хлопцаў. Хачу падкрэсліць: ўкраінскія героі патрэбныя Украіне жывымі. Гэта наш прынцып. Думаю, што гэтыя словы зразумее кожны адэкватны чалавек", — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Генштаб УСУ адзначае, што захоўваецца пагроза выканання ракетных і авіяцыйных удараў па аб'ектах інфраструктуры Украіны з тэрыторыі Беларусі.

У цэлым жа, па ацэнцы Інстытута вывучэння вайны( ЗША), расійскія войскі ў панядзелак, 16 траўня, "правялі абмежаваныя і ў асноўным няўдалыя наземныя наступы ўздоўж лініі фронту на Украіне". Каля Харкава расіяне спрабавалі "ўтрымаць мяжу і не даць украінскім войскам прасунуцца далей на поўнач".

74 з 90 амерыканскіх гаўбіц ўжо ўведзеныя ў бой ва Украіне. Пра гэта піша журналіст Foreign Policy Джэк Детч у Twitter, спасылаючыся на крыніцы ў Мінабароны ЗША. Паводле яго слоў, ЗША таксама перадалі Украіне 3 новыя верталёты Мі-17.

Ужо 18 мая амерыканскі Сенат можа ўхваліць чарговы пакет дапамогі Украіне ў памеры 40 мільярдаў долараў. Працэдурнае галасаванне па гэтай дапамозе ўжо адбылося, піша Bloomberg. Пасля таго, як дакумент ухваляць сенатары, яго яшчэ павінен падпісаць прэзідэнт Джо Байдэн.

Тым часам краіны-члены ЕС ўзгаднілі свой пакет ваеннай дапамогі для Украіны ў памеры яшчэ €500 мільёнаў. Аб гэтым паведамляе Reuters. Такім чынам, агульная сума ўжо дасягнула 2 мільярдаў еўра.

Тры новых верталёта Мі-17 ужо прыбылі ва Украіну / unian.net

На акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей захоўваюцца праўкраінскія настроі, сцвярджае спікер аператыўнага камандавання "Поўдзень" Уладзіслаў Назараў.

"Мясцовыя працягваюць адстойваць пазіцыю і даказваць, што Херсон — гэта Украіна, а яны — украінцы. Нягледзячы на тэрор і забароны, пераможныя людзі руйнуюць планы ворага дзякуючы сваім перакананням і ўстойлівасці пазіцый",цытуе Назарава УНІАН.

Па словах Назарава, баявых дзеянняў уздоўж лініі судакранання ў цяперашні час няма, але расіяне раз-пораз ажыццяўляюць ракетныя атакі па тэрыторыі Мікалаеўскай і Адэскай вобласці.

Тым часам у Мікалаеве запрацаваў вадаправод. Праўда, ваду пакуль даюць па графіку: па некалькі гадзін раніцай і ўвечары. Праблемы з падачай вады паўсталі ў сярэдзіне красавіка — пасля таго, як расіяне разбурылі сістэму падачы вады.

Адноўлена вадазабеспячэнне і ва ўсіх населеных пунктах Кіеўскай вобласці, якія пабывалі пад акупацыяй. Пра гэта паведамляе "Громадське" са спасылкай на старшыню Кіеўскай АВА Аляксандра Паўлюка. Без цэнтралізаванага вадазабеспячэння застаюцца толькі асобныя дамы ў Гастомелі — там няма электрычнасці. Аднак электракабель ўжо закуплены і пытанне будзе вырашана, кажуць мясцовыя ўлады. Амаль завершаны работы і па аднаўленні газазабеспячэння: у 119 гарадах і вёсках — сістэма цалкам адноўлена, а ў адным — часткова.

Мясцовыя жыхары настойваюць, што Херсон — гэта Украіна / unian.net

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.