Абітурыент: Большасць класа паступае туды, куды хопіць балаў

За чатыры дні да пачатку ўступнай кампаніі высвятляем, як абітурыенты абіраюць спецыяльнасць.

“Я цікаўлюся IT-тэхналогіямі: праграмаваннем, дызайнам. Калі абіраў, гэтым і кіраваўся. Іду на вэб-дызайн у БДУ. Але ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі сёлета адкрываецца такая ж спецыяльнасць, калі хопіць балаў — пайду туды”, — дзеліцца планамі з Еўрарадыё абітурыент Глеб.

З будучай спецыяльнасцю вызначыўся сёлета. Што не можа сказаць пра большасць класа — абіраюць спецыяльнасць па колькасці балаў.

“Большасць арыентуецца на балы мінулых гадоў. Гэта больш важна, чым пажаданні па будучай спецыяльнасці”, — дадае Глеб.

Выпускнікі глядзяць на кошт навучання і на прахадныя балы, але кардынальна спецыяльнасць не мяняюць, даводзіць школьны псіхолаг са Слуцка Ірына Валянцінаўна.

“Усе ж у нас час хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю. Яны зыходзяць са сваіх інтэлектуальных рэсурсаў. Бяруць сярэдні бал атэстата і глядзяць, дзе змогуць вучыцца. І на першым плане не жаданне атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць. Напрыклад, ён набраў на тэставанні 270 балаў. На спецыяльнасці, куды ён хацеў, яму не хапае. Ён абірае сумежную спецыяльнасць”, — тлумачыць Ірына Валянцінаўна.

Платнае навучанне таксама разглядаюць амаль усе, дадае псіхолаг. Грошы збіраюць цэлымі сем’ямі.

Рэпетытар Яўген Лівянт умоўна дзеліць абітурыентаў на тры групы: адны дакладна абіраюць спецыяльнасць, другія — універ, трэція — проста вышэйшую адукацыю.

“Вялікая група высокаматываваных выпускнікоў, якія яшчэ год таму ведалі, куды паступаюць, і яны паступяць, бо папрацавалі і ў школе, і з рэпетытарам. Шмат таксама і тых, хто паступае “куды-небудзь у палітэх”, усё адно на які факультэт. Ёсць вучні, якім наогул усё роўна, яны глядзяць проста, атрымаецца ці не. Але падлічыць, колькі тых і тых, немагчыма”, — даводзіць Яўген Лівянт.

Але праблема, не ў сістэме паступлення, а ў “нягнуткасці сістэмы адукацыі”, працягвае Яўген Лівянт:


“Перашкаджаюць праблемы, звязаныя з сістэмай адукацыі. Яна нягнуткая. У еўрапейскіх краінах ёсць шмат формаў адукацыі: дыстанцыйнае, адукацыя для дарослых, курсы. Варыянтаў вельмі шмат. А ў нас варыянты звужаюцца, амаль не засталося вечаровай адукацыі. Завочнае звужаецца, амаль няма дыстанцыйнага. Напрыклад, пасля каледжа трэба абавязкова вучыцца яшчэ 5 гадоў, нельга вывучыцца хутчэй”.

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістравалася больш за 105 тысяч абітурыентаў. Летась ахвочых паступіць ва ўніверсітэт было на 12 тысяч больш. Першае тэставанне, па беларускай мове, пройдзе 14 чэрвеня.

Мінадукацыі: Абітурыентаў стала менш з-за дэмаграфічнай ямы

Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі