Абаронцы жывёлаў і гаспадары не падзялілі лабрадора Сноў

Абаронцы жывёлаў і гаспадары не падзялілі лабрадора Сноў

“Прыходжу на працу, нічога не падазраю, як раптам мой калега пытаецца, дзе мой сабака. Аказваецца, ён пабачыў містэра Сноў у суполцы са знойдзенымі жывёламі! Я ў шоку. Нехта проста падабраў нашага сабаку і адвёз у Мінск, больш за 100 км ад дома. Але гэта быў толькі пачатак!”

Гэтую гісторую нам распавядае Кацярына Рудзік. Дзяўчына жыве з бацькамі на хутары ў Ашмянскім раёне. Увечары 7 снежня яна, як заўсёды, адпусціла свайго лабрадора Сноў на начны шпацар. Але раніцай сабака не вярнуўся.

Кацярына звязваецца з людзьмі, якія падабралі містэра Сноў. Высвятляецца, што лабрадора падабралі на хуткаснай шашы і паспелі адвезці ў Мінск і перадаць абаронцы жывёлаў Ірыне Марцюшэўскай.

“Мне патэлефанала сяброўка, якая распавяла, як уначы на шашы падабрала лабрадора, — распавядае Еўрарадыё Ірына. — Калі іх машына спынілася, той адразу сам заскочыў у адчыненыя дзверы і грэўся. Уявіце: на вуліцы -10, вакол толькі палі ды лес, ніякіх дамоў побач не відаць. Што было рабіць? Яго магла збіць машына, маглі адстрэліць, ці ён мог проста змерзнуць. Яго нават ніхто не шукаў. Патэлефанавалі толькі раніцай наступнага дня”.

Абаронцы жывёлаў і гаспадары не падзялілі лабрадора Сноў
Цяпер Сноў знаходзіцца ў Мінску ў Ірыны

Кацярыне прапанавалі прыехаць па сабаку, аднак яна адмовілася — у дзяўчыны няма машыны, на якой можна было б скокнуць у сталіцу.

“Мой брат жыве побач з Мінскам і мае машыну. Я спрабавала дамовіцца, каб менавіта ён забраў Сноў. Аднак тут высветлілася, што сабака ўжо ў іншых людзей, а менавіта ў нейкай абаронцы жывёлаў Ірыны. А тая заявіла, што майго лабрадора мне не аддадуць, бо яго трэба кастрыраваць і чыпаваць. Яшчэ я пачула, што я дрэнная гаспадыня і не даглядаю за сваім сабакам, бо дазваляю яму гуляць і не кастрырую. Вы што? Навошта? Ён цалкам здаровы, дагледжаны, гуляе па прыродзе побач з нашым хутарам. Навокал нават вёсак няма, чаго баяцца?

Я ў шоку! Нехта узяў майго сабаку, адвёз за 100 км ад дома, перадаў іншым людзям, ды цяпер яшчэ і вяртаць адмаўляецца! Як так? На просьбу вярнуць Сноў хаця б дзеля маёй хворай маці Ірына адказала, што гэта карма… Размовы не атрымалася, як вы разумееце. Зараз я нават не ведаю, дзе містэр Сноў. Можа ён ужо ў прытулку дзесьці сядзіць у клетцы!”

Далей — болей: Кацярыне ў асабістыя паведамленні пачалі пісаць незнаёмыя людзі. Яны папракалі дзяўчыну нявыхаванасцю, “адсутнасцю мазгоў” і дрэнным стаўленнем да свайго лабрадора.

Абаронцы жывёлаў і гаспадары не падзялілі лабрадора Сноў

У інстаграм-акаўнце Ірыны Марцюшэўскай тым часам з’явілася некалькі “сторыз” пра лабрадора. Абаронца жывёлаў нават зладзіла апытанку: ці варта вяртаць Сноў гаспадарам.

Абаронцы жывёлаў і гаспадары не падзялілі лабрадора Сноў

Па словах Ірыны, жанчыне, якая падабрала Сноў, патэлефанавалі адразу з наездамі і ледзь не мацюкамі, патрабуючы, каб сабаку зараз жа вярнулі дамоў. Тая разгубілася і сказала, што такая магчымасць з’явіцца толькі праз два тыдні.

“Пасля патэлефанала калега Кацярыны па працы. Яна спакойна і ветліва пачала высвятляць, што ўвогуле можна зрабіць, бо [па яе словах] у самой дзяўчыны была гістэрыка. Маўляў, яна не збіраецца траціць грошы на дарогу ў Мінск. Пасля было яшчэ некалькі званкоў ад сям’і і перапіска з вялікай колькасцю эмоцый і нецэнзурнымі выразамі. Прагучала нават, што мы можам пакінуць лабрадора сабе і рабіць з ім, што пажадаем”, — распавядае Ірына.

Тады Ірына сапраўды задалася пытаннем, ці патрэбны лабрадор сям’і. Па яе словах, пытанне пра абавязковую кастрацыю не ўздымалася. Але зоаабаронца ў размове з Кацярынай назвала тры пункты, па якіх можна зразумець, што гаспадары сапраўды дбаюць пра свайго пітомца. Адным з іх якраз была названая кастрацыя.

“У мой адрас пасыпаліся дрэнныя словы, і мне выказвалі, што спачатку трэба кастрыраваць майго мужа. Вядома, размовы ў нас не атрымліваюцца. Разумееце, гэтага бадзяжнага лабрадора сям’я падабрала толькі два месяцы таму, а сабака, які быў у іх да гэтага, загінуў пад коламі машыны. Як я разумею, на той самай дарозе [дзе падабралі Сноў]. Не разумею, як так можна не дбаць пра істоту, калі падобная трагедыя ўжо адбылася раней”.

Кацярына звярнулася ў міліцыю з заяўленнем пра крадзеж сабакі. Ірына, калі даведалася пра гэта, у сваю чаргу звярнулася да праваахоўнікаў, каб высветліць умовы ўтрымання сабакі. Таксама абаронцу жывёлаў цікавіць, ці не шукае сабаку хто-небудзь яшчэ.

Ірына перадала сабаку “на баланс” арганізацыі “Парытэт”, якая займаецца ўтрыманнем згубленых жывёл. Яна кажа, што містар Сноў вярнецца да Кацярыны і яе сям’і, толькі калі так вырашыць суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі