Абаронцы Курапатаў абвяргаюць, што ім прапаноўвалі частку “Бульбаш-Хола”

Абаронцы Курапатаў абвяргаюць, што ім прапаноўвалі частку “Бульбаш-Хола”

"Зайдэс прапаноўваў адзін дамок аддаць пад мемарыяльныя справы. Але абаронцы Курапатаў там зладзілі спрэчку, бо не ведалі, хто гэта будзе абслугоўваць", — робіць сенсацыйную заяву ў інтэрв'ю радыё “Свабода” Аркадзь Ізраілевіч — бізнесовец і сябра цяперашніх гаспадароў рэстарацыі "Поедем поедим", пабудаванай пад Мінскам у непасрэднай блізкасці ад месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы.


То бок, бізнес ішоў насустрач абаронцам Курапатаў, а яны не пагадзіліся? Натуральна, хочацца знайсці канцы гэтай гісторыі. Тэлефануем Паўлу Севярынцу, аднаму з актыўных абаронцаў Курапатаў. Павел кажа, што не ў курсе сітуацыі, бо акурат у часы, калі яна тэарэтычна магла здарыцца, сядзеў за "Плошчу".


"Хадзілі такія чуткі, — узгадвае актывістка грамадскай ініцыятывы "За ўратаванне мемарыяла Курапаты" Ганна Шапуцька. — Але каб напрамую, асабіста мне ніхто нічога не прапаноўваў. І нікому з маіх знаёмых не прапаноўвалі. Ды і каб нехта прапаноўваў, гэты "дамок" пытанне б не вырашыў".

 

Абаронцы Курапатаў абвяргаюць, што ім прапаноўвалі частку “Бульбаш-Хола”
Ганна Шапуцька ў Курапатах. Фота Радыё Свабода

Праўда, апроч Ганны, больш ні да каго з нашых суразмоўцаў падобныя чуткі не даходзілі.


"Ніхто ніколі нам гэта не прапаноўваў, — літаральна адрэзвае каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Экспэрты ў абарону Курапатаў", журналіст Марат Гаравы. — Мне персанальна і нашым хлопцам, маім сябрам, ніхто такое ніколі не прапаноўваў. Ды і я не маю права разглядаць такія прапановы. Трэба, каб грамадскасць вырашала. Калі грамадскасць мяне ўпаўнаважыць весці такія перамовы, я буду думаць. Ды і я сумняваюся, што нехта мог пагадзіцца на нейкія прапановы, улічваючы, як антызаконна ўсё было зроблена".


Былы палітвязень ГУЛАГа і абаронца Курапатаў Уладзімір Раманоўскі таксама не ў курсе прапаноўваў ад бізнесоўцаў. Затое распавядае, як аднойчы ў 2014 годзе атрымаў неспадзяваную прапанову, калі наведваў будоўлю ля Курапатаў разам з паэтам Васілём Якавенкам:


"Мы зрабілі спробы хаця б нейкіх перамоваў, схадзіўшы на будоўлю. Якавенка паказаў ахоўніку пасведчанне Саюза пісьменнікаў, я прадставіўся прадстаўніком міжнароднага “Мемарыялу”. Ахоўніка доўга не было, а потым сказаў: "Калі ласка, праходзьце". Мы пакінулі свае кантакты. Не паспелі адтуль выйсці, як пазваніла жанчына з пытаннем: "Вы хочаце выкупіць комплекс? Вы разумееце, што гэта не тры-чатыры рублі, а лічбы з шасцю налямі".  Я адказаў, што пра гэта пакуль гаворка не ідзе, але варта арганізаваць трохбаковыя перамовы паміж уласнікам, Мінкультам і грамадскасцю. Відаць, на ўзроўні “Росінвеста”, які тады валодаў комплексам, былі нейкія сумневы".

На думку гісторыка і актывіста ініцыятывы "За ўратаванне Курапатаў" Ігара Кузняцова гісторыя, пра якую гаворыць Ізраілевіч, ні што іншае, як фэйк: 

Абаронцы Курапатаў абвяргаюць, што ім прапаноўвалі частку “Бульбаш-Хола”

"Мне падаецца, што заднім чыслом цяпер спрабуюць сказаць, маўляў, мы ж прапаноўвалі, а яны не захацелі. У такім выпадку, калі сказана "А", то кажыце і "Б": каму прапаноўвалі, на якіх умовах прапаноўвалі, а тады трэба задаваць пытанні тым, хто адмовіўся ад гэтага варыянта".


Па словах Кузняцова, ніхто з абаронцаў Курапатаў не мог уявіць сабе  музей ахвяраў сталінскіх рэпрэсій побач з забаўляльным цэнтрам. Таму нават калі такія прапановы і гучалі, яны былі адрынутыя.


"То бок, Курапаты, музей у дамку і забаўляльны комплекс "Бульбаш-хол"? Якая логіка? Пры тых умовах я не думаю, што нехта мог рэальна пагадзіцца ўзяць гэты дамок", — рэзюмуе Кузняцоў.


З кім маглі весці падобныя перамовы Зайдэс і кампанія, суразмоўцы Еўрарадыё не ведаюць. Таму, натуральна, узнікае пытанне, ці праўду кажа Ізраілевіч.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі