Вы тут

60 мільёнаў долараў хочуць адсудзіць у "Беларуснафты" ў Эквадоры

З "Беларуснафты" ў Эквадоры патрабуюць 60 мільёнаў долараў / neft.by

Больш за 60 мільёнаў долараў хочуць спагнаць у Эквадоры з "Беларуснафты" і звязанай з ёй мясцовай кампаніі. Запазычанасць утварылася як перад дзяржаўнымі ўстановамі, так і мясцовымі падрадчыкамі за работы на нафтавых свідравінах, піша TUT.by са спасылкай на венесуэльскія СМІ.

Беларусь стала супрацоўнічаць з Эквадорам у нафтавай сферы з 2012 года. Спярша нашыя нафтавікі займаліся сейсмаразведкай, потым заняліся і здабычай нафты. "Беларуснафта" заснавала з эквадорскай кампаніяй Edinpetrol сумеснае прадпрыемства "Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл", кантрольны пакет акцый якога застаўся ў беларускага боку.

У 2016-м "Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл" падпісала кантракт з эквадорскай падраднай арганізацыяй Servicios Drilling Technologies (SDT) на бурэнне свідравін, інжынерныя даследаванні, будаўніцтва інфраструктуры. У праекце таксама была задзейнічана кітайская CNPC Chuanqing Drilling Engineering Company.

Гэтыя кампаніі сумесна з "Беларуснафтай" і крэдыторамі "Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл" стварылі траст і прапісалі прапорцыі, у якіх кожны з бакоў будзе атрымліваць сродкі. А ў 2020-м SDT і яе пастаўшчыкі сталі вінаваціць "Беларуснафта" ў прысабечванні сродкаў, якія мусілі пайсці ў траст. Эквадорскія кампаніі налічылі больш за 60 мільёнаў долараў нявыплачаных плацяжоў з беларускага боку.

Станіслава Шапкіна, гендырэктара "Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл" і прадстаўніка "Беларуснафты", вінавацяць у злоўжыванні даверам. Сам ён называе гэтыя абвінавачванні абсурднымі.

Як пішуць эквадорскія СМІ, цяпер "Сэрвіс Ойл Эквадор Эквасервойл" разглядае магчымасць прыцягнуць Gazprom International у якасці інвестара. 

Пазней "Белнафтахім" заявіў, што інфармацыя з венесуэльскіх СМІ пра дзейнасць прадпрыемства ў Эквадоры не адпавядае сапраўднасці, а ўсе абавязацельствы выконваюцца ў поўным аб'ёме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.