Вы тут

6 з 2000: жанчыны з Беларусі расказалі свае гісторыі для дакументалкі WOMAN

Дакументальны фільм WOMAN ў кінатэатрах Мінска з 5 сакавіка / афіша​

"Цёмны пакой, скіраванае на цябе святло; спачатку хвалявалася, потым адчула, быццам гэта мая апошняя магчымасць сказаць нешта важнае", — успамінае пра свой удзел у здымках дакументальнага фільма WOMAN экспертка па пытаннях хатняга гвалту Вольга Гарбунова

Буйны міжнародны праект WOMAN аўтараў нашумелага фільма "Чалавек" Анастасіі Мікавай і Яна Арцюс-Бертрана выходзіць у мінскі кінапракат 5 сакавіка. У ім сабраныя аповеды дзвюх тысяч жанчын з 50 краін свету. Шэсць з іх жывуць у Беларусі. 

Гераіні разважаюць пра мацярынства, адукацыю, шлюб, фінансавую незалежнасць, паралельна падымаючы і больш інтымныя тэмы. Галоўная ідэя карціны — атрымаць адказ на пытанне, што гэта — быць жанчынай у сучасным свеце. 

У дзень мінскай прэм'еры Вольга Гарбунова расказвае чытачам Еўрарадыё пра тое, як праходзілі здымкі і чаму яна лічыць WOMAN неверагодным праектам.

Вольга Гарбунова / Фэйсбук

Вольга Гарбунова: Некалькі гадоў таму да мяне звярнулася рэжысёрка Галіна Адамовіч. Яна займалася адборам герояў для фільма WOMAN, чула пра прытулак для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, якім я кіравала, і запрасіла паўдзельнічаць у пробах мяне і нашых кліентак. Да гэтага мы ніколі не ўдзельнічалі ў такіх маштабных праектах, таму прапанова падалася цікавай. Тым больш я бачыла іншыя фільмы гэтых рэжысёраў і разумела, з кім маю дачыненні. Проста раней усё гэта здавалася занадта далёкім. 

Мы адразу ведалі, што не ўсе гісторыі ўвойдуць у стужку. Вырашылі, што не будзем хвалявацца, калі чыёсьці інтэрв'ю не пакажуць, а паставімся да працэсу як да важнага вопыту.

Спачатку нас здымалі на мабільны тэлефон, відэа адпраўлялі рэжысёрам. Яны выбралі гісторыі, якія хочуць здымаць, і накіравалі да нас здымачную групу.  

Еўрарадыё: Як праходзілі здымкі?

Вольга Гарбунова: Вопыт нялёгкі. Былі пэўныя правілы, аж да таго, куды глядзець ці не глядзець, дзе трэба зрабіць паўзы. Здымалі вельмі доўга, асабіста мяне — каля трох гадзін. Спачатку хвалюешся, але ў нейкі момант расслабляешся, і цябе адпускае. Цябе просяць расказаць пра сябе, і ты разумееш: трэба ж, гэта камусьці цікава!Уключаецца давер. 

Еўрарадыё: Пра што ў вас пыталіся?

Вольга Гарбунова: Шмат асабістых пытанняў: "Калі ўпершыню цалавалася?", "Пра што ты марыш?", "Што для цябе любоў?", "Чым ты ганарышся ў сабе?", "Якая ты?”. Блін, гэта было самае няёмкае пытанне! У паўсядзённым жыцці нас пра гэта пытаюцца вельмі рэдка. 

Самым моцным момантам, які я запомніла, было тое, калі мяне папрасілі расказаць гісторыю, якая баліць. Пад канец інтэрв'ю трэба было звярнуцца да чалавека, з якім яна звязаная. Я запісала відэазварот да свайго бацькі, сказала, што дзіцяці трэба заставацца дзіцем, а адказным павінен быць чалавек, які пажыў даўжэй. І яшчэ... як цяжка бывае, калі людзі мяняюцца гэтымі ролямі. На самай справе было вельмі цяжка [у старых інтэрв'ю Вольга расказвала пра тое, як ёй даводзілася жыць з бацькам, які піў і біў яе маці — Еўрарадыё].

Еўрарадыё: Фільм здымалі некалькі гадоў таму. За гэты час нешта ў цябе магло змяніцца. Ці ёсць пытанні, на якія сёння ты б адказала інакш?

Вольга Гарбунова: Па водгуках людзей, якія ўжо бачылі WOMAN, мяркую, што ў карціну ўвайшоў адказ на пытанне, якая я. Тады адказала, што смелая.  

Пасля жніўня 2020 года я часта ўспамінала той момант. Так, раней мне здавалася, што я сапраўды смелы чалавек, але пасля выбараў зразумела, што ўва мне вельмі шмат страхаў. Аказалася, што я баюся за сябе, за сваіх блізкіх, за сваю дачку, за тое, што адбываецца. Я баюся за тое, як складзецца жыццё для мяне і многіх людзей у Беларусі. Таму сёння адказала б, што ў пэўныя моманты здольная на смелыя ўчынкі, але вельмі перажываю, што адбываецца ў маім жыцці і ў жыцці навакольных. 

У любым выпадку, нам трэба навучыцца шанаваць сябе і з удзячнасцю ставіцца да кожнага эпізоду жыцця. Мы такія, якія ёсць у кожны з гэтых момантаў, і не варта абясцэньваць сябе і свой вопыт.

Еўрарадыё: Чаму табе здаецца, што WOMAN — "неверагодны фільм"?

Вольга Гарбунова: Вельмі важна, каб жаночыя гісторыі не заціраліся. Доўгія гады мы бачылі, як жаночыя імёны забываюцца і ігнаруюцца. Возьмем хаця б падручнік па гісторыі Беларусі — ці шмат там гісторый пра жанчын? Думаю, вельмі важна даваць галасы тым, у каго права голасу з'явілася пазней, чым у мужчын. Праца над WOMAN — якраз пра гэта. Так што ў мяне вялікая ўдзячнасць да стваральнікаў карціны і шмат чаканняў ад яе. Там застаўся толькі невялікі працэнт ад тых інтэрв'ю, якія давалі ўдзельніцы. Я б глядзела фільм, уяўляючы, якія гісторыі застаюцца за яго межамі. WOMAN — вельмі маштабны праект. І я вельмі радая, што Беларусь у ім прадстаўленая.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.