44,5% беларускіх чыноўнікаў — ва ўзросце да 40 гадоў

44,5% беларускіх чыноўнікаў — ва ўзросце да 40 гадоў

Лукашэнка патрабуе ад кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандра Косінца “прынцыпова змяніць стыль працы і наладзіць больш эфектыўную працу з кадрамі”. Маўляў, не хапае “новых ідэй”, якія зыходзілі б ад чыноўнікаў. Аляксандр Косінец разумее намёк і дае справаздачу: “Заўжды неабходна думаць аб амаладжэнні кадраў“.

Падлічым сярэдні ўзрост міністраў і іх намеснікаў з пяці ключавых міністэрстваў.

Мінфін ― 43,2 года (самае маладое), Мінэканомікі ― 45,3 года, у Нацбанку атрымліваем сярэдні ўзрост 46,8 года, Міністэрства прамысловасці ― 49,2 года, МЗС самы стары ― 54,4 года.

Што праўда, міністры ў самых “маладых” з пералічаных міністэрстваў маюць па 55 і 61 год. Па ўсіх параметрах — нядрэнна!

Як паведамляе Белстат, у краіне 44,5% дзяслужбоўцаў — ва ўзросце да 40 гадоў. І толькі 2,6% чыноўнікаў — 60+. Таксама някепска!

Але ёсць і іншая праблема. Да прыкладу, набралі на дзяржслужбу больш ініцыятыўнай моладзі. Да каго яны са сваімі ініцыятывамі ідуць? Правільна, да кіраўніцтва міністэрства. Глядзім статыстыку: на кіруючых пасадах людзей да 29 гадоў ― 2%, да 40 гадоў — кожны пяты дзяржслужбовец.

Праблема ў тым, што прэстыж дзяржслужбы сярод моладзі нізкі, тлумачыць эксперт у галіне дзяржаўнага кіравання, палітолаг Іна Рамашэўская: “На пачатковых пазіцыях на дзяржслужбе даволі невялікія заробкі і не вялікія бонусы. І неабходна гэты перыяд перажыць да атрымання хоць нейкай значнай пасады, калі ты разумееш, што на дзяржслужбе ёсць адчувальныя выгады. Але не ўсе маладыя людзі гатовыя гэты “трэніровачны перыяд” праходзіць”.

На думку эксперта, без змены самой сістэмы дзяржкіравання ў прынцыпе, нічога не зменіцца: “Не дастаткова замяніць людзей. Каго туды ні пасадзі, але калі яны будуць баяцца выказваць сваё меркаванне, калі з іх меркаваннем не будзе лічыцца кіраўніцтва, якога б яны ні былі ўзросту і адукацыі, выніку не будзе”, ― упэўненая Іна Рамашэўская. Пры гэтым суразмоўца прагадвае словы цяпер ужо былога памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага: “Пакуль сістэма прыняцця рашэнняў не змяняецца, то не патрэбныя ні эканамісты, ні нейкія іншыя спецыялісты…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі