Літва пазбавіла беларускага прадпрымальніка Скіндзерава статусу ўцекача

Дзмітрый Скіндзераў

Дзмітрый Скіндзераў / Радыё Рацыя

Літва пазбавіла беларускага прадпрымальніка-банкрута Дзмітрыя Скіндзерава статуса ўцекача. Яму забаранілі ўезд у краіну на 10 гадоў. Аб рашэнні літоўскіх уладаў Скіндзераў расказаў расійскаму выданню @sotaproject.

Літоўскія спецслужбы назвалі Скіндзерава пагрозай нацыянальнай бяспецы. Яго плануюць дэпартаваць цягам двух тыдняў.

"У рашэнні Дэпартамента міграцыі гаворыцца, што Скіндзераў падтрымліваў працяглыя кантакты з супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў і спецслужбаў, а таксама выконваў даручанае супрацоўнікам ГУБАЗіК заданне па зборы інфармацыі. Менавіта гэтыя абставіны літоўскія ўлады разглядаюць як сведчанне пагрозы нацыянальнай бяспецы", — паведамляе выданне.

Раней пагрозай нацыянальнай бяспецы Літва называла актывістку Вольгу Карач. Але яе не дэпартавалі праз наяўнасць крымінальнай справы ў Беларусі. У крымінальным вышуку знаходзіцца і Скіндзераў, таму, верагодна, яго на радзіму ўсё ж не дэпартуюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.