40% беларусаў не вераць у забойствы мірных жыхароў ва Украіне. Чаму?
40% беларусаў не вераць у забойствы мірных жыхароў ва Украіне расійскімі вайскоўцамі. Такія вынікі апытання прыводзіць брытанскі даследчы цэнтр Chatham House.
Як можна растлумачыць такі вялікі адсотак беларусаў-“нявернікаў”? Еўрарадыё расказвае навуковы супрацоўнік Chatham House Рыгор Астапеня:
— Трэба разумець, што, магчыма, людзі, якія абіралі гэты варыянт, рабілі гэта для таго, каб захаваць сваю карціну свету. Бо калі яны адмовяцца ад тэзісу, што расійская армія не выкарыстоўвае зброю супраць мірнага насельніцтва, тады іх карціна свету мяняецца. Ім трэба будзе прыняць: тое, што робіць расійская армія ва Украіне, — ваеннае злачынства.
Па словах Астапені, на меркаванне гэтых людзей моцна паўплывала расійская прапаганда, шырока прадстаўленая для беларускай аўдыторыі:
— Па-першае, ёсць фактар тэлевізара. Ён дагэтуль жыве — інфармацыя пра яго смерць была заўчаснай. Яго глядзяць вельмі шмат. Ёсць людзі — 20-25% у беларускім грамадстве, у якіх тэлевізар ідзе ледзь не ўвесь час. Гэта досыць вялікая лічба.
Па-другое, трэба разумець, што расійскі інтэрнэт — таксама вельмі моцны. Там ёсць выразныя сеткі дэзынфармацыі па распаўсюдзе хлусні пра гэтую вайну. Мы павінны разумець, што калі чалавек выйшаў у інтэрнэт, то ён не пайшоў адразу на сайт Еўрарадыё. Ёсць шэраг сайтаў, дзе ён прачытае неадэкватную “праўду”.