38 настаўнікаў і 15 дактароў ― на 57 месцаў Мінгарсавета. Нешта не так?

38 настаўнікаў і 15 дактароў ― на 57 месцаў Мінгарсавета. Нешта не так?

На 57 дэпутацкіх мандатаў Мінгарсавета прэтэндуе 38 чалавек са сферы адукацыі. Калі дадаць сюды 15 кандыдатаў-медыкаў — маем амаль гатовы склад Мінгарсавета!

Дырэктары і настаўнікі школ ды гімназій, прадстаўнікі ВНУ і нават дзіцячых садкоў, галоўныя дактары паліклінік, санэпідэмстанцый і загадчыкі аддзяленняў… Здаецца, менавіта ў сферы адукацыі і медыцыны ў сталіцы найбольш праблем.

Ірына Валчанкова, намеснік дырэктара па навучальнай працы гімназіі №146 балатуецца па Рафіеўскай выбарчай акрузе. Першае, пра што кажа ― праблемы адукацыі, вядома.

“Я працую ў гімназіі і лічу, што такі від адукацыі неабходна неяк захаваць. У мяне ёсць вопыт  працы і ў звычайнай школе, і ў гімназіі, і я бачу ― гімназічныя вучні зусім іншыя. Мой сын у свой час вучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, але такая сістэма адукацыі была зламаная. А зараз мы і гімназічную адукацыю пачынаем неяк пераглядаць… Бо калі адменяць іспыты ў пяты клас і ўсе тыя дзеці, якія сёння вучацца ў нас у пачатковых класах, працягнуць вучыцца ў гімназіі,гэта няправільна”.

Шмат, маўляў, праблем у адукацыі, вельмі шмат – гаворыць Ірына Валчанкова. Чаго толькі вартае тое, што настаўнікі адказныя за ўсё, што адбываецца з іх вучнямі па-за сценамі школы, па заканчэнні ўрокаў. А нізкія заробкі настаўнікаў, праблемы з жытлом для маладых спецыялістаў. Праўда, даволі хутка кандыдат прыгадвае, што не ўсіх выбаршчыкаў цікавяць пытанні адукацыі. І пералічвае іншыя галоўныя праблемы: капітальны рамонт дамоў, адсутнасць парковак, непад’ёмныя кошты паслуг ЖКГ. Няўжо педагог верыць, што дэпутат здольны ўсё пералічанае вырашыць?

“Я там, у дэпутатах, ніколі не была ― не ведаю. Можам жа паспрабаваць! Хоць нейкія зрухі па Мінску здзейсніць. Можа, мяне пачуюць”, ― задуменна гаворыць Ірына Валчанкова.

Дырэктар сярэдняй школы №85 Мікалай Кісель змагаецца за дэпутацкі мандат у Аўтазавадской акрузе №4. Размову з журналістам пачынае дзіўна, маўляў, не мае права даваць каментарыі.

“Як нам сказалі, мы па тэлефоне не маем права даваць нейкія каментары. Мы ж павінны афіцыйна альбо па тэлебачанні, альбо па “Мінск-навіны” выступалі ― кожнаму прадастаўляўся канкрэтны час”.

Але пагадзіўся падзяліцца са мной сваімі планамі на дэпутацтва: патрэбнае месца для адпачынку моладзі.

Мікалай Кісель: “На нашым участку знаходзіцца 5 школ, і дзяцей тут у прынцыпе шмат, але пляцовак для адпачынку моладзі няма. І апроч як у гандлёвым цэнтры “Момо”, яны ні дзе і сабрацца не могуць. Таму я стаўлю перад сабой задачу планаванне будаўніцтва месцаў адпачынку для моладзі, для маладых сем’яў. Каб было дзе і спортам заняцца. І каб веладарожкі былі”.

Школа №56 дала Мінску адразу двух кандыдатаў у дэпутаты: дырэктар Юрый Круглік, вылучэнец Камуністычнай партыі, балатуецца ў Адоеўскай акрузе №29, беспартыйны настаўнік Ігар Панятоўскі ― па Краснаборскай акрузе №31. Дырэктар недаступны, а настаўнік “па тэлефоне інтэрв’ю не даю, калі хочаце, то запрашайце, будзем размаўляць”.

Еўрарадыё: Чаму не ― можам вас запрасіць у студыю, у жывы эфір…

Ігар Панятоўскі: Да канца лютага я амаль цэлымі днямі на сесіі. Таму наўрад ці змагу. Прагульваць нават дзеля такой высокай мэты, я думаю, будзе няправільна.

Цікавая тактыка перадвыбарнай кампаніі.

Што прымушае ісці ў палітыку медыкаў, якія невырашаныя праблемы?

“У медыцыне трэба шмат што мяняць. І галоўныя праблемы ― праблема з кадрамі і навучанне кадраў", – адказвае загадчык хірургічнага аддзялення 37-й гарадской паліклінікі Аляксей Заграй.

Еўрарадыё: І вы думаеце, што дэпутат Мінгарсавета зможа гэтыя праблемы вырашыць?

Аляксей Заграй: Канечне! Калі пра гэта пачынаць гаварыць. Уцечка кадраў ідзе, кадры знікаюць, расце новае пакаленне, якое няма каму вучыць, няма каму працаваць ― працу трох дактароў выконвае адзін доктар. Пра гэта не тое што казаць ― трубіць трэба паўсюль. А ў выпадку з людзьмі іншая праблема: як прыйсці ў паліклініку і здаць без нерваў аналізы? Як зрабіць так, каб у нас абмен дадзенымі быў паміж рознымі медычнымі ўстановамі, каб пацыенты не бегалі за сваімі эпікрызамі ці даведкамі з адной установы ў іншую?”.

“Вырашаць іду праблемы не медычныя, сваёй акругі”, ― хутка адказвае галоўны доктар 36-й паліклінікі Наталля Мысліўчык і пералічвае праблемы: будаўніцтва новай школы з басейнам, спартовых пляцовак, добраўпарадкаванне двароў. Няўжо ніякіх праблем медычных няма? З кадрамі, да прыкладу?

Наталля Мысліўчык: Нам далі тры аднапакаёвыя кватэры для спецыялістаў, якія прыехалі з іншых гарадоў (!) да нас працаваць. Чатыры пакоі ў інтэрнаце. У нас з кадрамі добра, я нават не хацела б больш браць нікога. Бо заробкі знізяцца”.

Еўрарадыё: А як гэта ў вас так атрымалася і з кадрамі, і з жыллём?

Наталля Мысліўчык: Я кручуся! Знаходжу нейкія кантакты з прадпрыемствамі ― мне МАЗ тры пакоі выдзеліў. Ну, кручуся, карацей.

Але потым высвятляецца, што Наталля Якаўлена ўжо дэпутат і балатуецца на другі тэрмін. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі