Вы тут

20-гадовы мінчук прапаноўваў дзецям у дварах наркотыкі

pixabay.com

На нумар 102 у Мінску затэлефанавала жанчына. Яна паведаміла, што да яе дзіцяці ў пад'ездзе дома падыходзіў малады хлопец і прапаноўваў пакаштаваць наркотыкі, інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама. 

Міліцыянты, якія прыбылі на месца выкліку, заўважылі падазронага маладога чалавека, падобнага па прыкметах на таго, якога апісвала жанчына. Яны затрымалі 20-гадовага хлопца і даставілі ў пастарунак. 

Пазней выявілася, што з прапановай пакаштаваць наркотыкі юнак падыходзіў і да іншых дзяцей, якія гулялі недалёка ад дома. Праверка паказала, што парушальнік быў не толькі п'яны, але і пад уздзеяннем асабліва небяспечнага сінтэтычнага наркотыку Альфа-PVP.

Ён расказаў міліцыянтам, што купляў наркотыкі для ўласнага спажывання праз інтэрнэт-краму. Пра тое, як прапаноўваў дзецям пакаштаваць наркотыкі, хлопец не памятае: кажа што быў пад уздзеяннем наркотыкаў і алкаголю.

Цяпер супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС Мінска праводзяць праверку, каб высветліць канал пастаўкі наркотыкаў, а таксама магчымых пакупнікоў.

На юнака склалі адміністрацыйны пратакол за з'яўленн ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення.