Вы тут

Пачаўся суд над журналістам і палітвязнем Аляксандрам Івуліным

Аляксандр Івулін / facebook.com/aleksandr.ivulin

17 студзеня пачаўся суд над журналістам, блогерам, футбалістам "Крумкачоў" і палітвязнем Аляксандрам Івуліным. Крымінальную справу разглядае суд Савецкага раёна Мінска. Суддзя — Сяргей Шаціла. Менавіта ён у снежні 2020-га адправіў у калонію на 2,5 года швейцарскую беларуску, палітзняволеную Наталлю Хершэ — за сарваную з амапаўца балаклаву.

Івуліна вінавацяць у "арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак" — ва ўдзеле ў вулічных пратэстах 2020 года. Ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2021-га. Спачатку Аляксандра Івуліна пакаралі 30 суткамі адміністрацыйнага арышту (за бел-чырвона-белы сцяг, які нібыта быў на акне кватэры), а пасля распачалі крымінальную справу. У верасні яго тэлеграм-канал і чат у Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі".

"Мінсктранс" выставіў Аляксандру Івуліну іск на 39 тысяч рублёў.

У залу суда змаглі трапіць сваякі і сябры, а таксама лёгкаатлетка Надзея Астапчук. Фрыстайлістку Аляксандру Раманоўскую не пусцілі — не хапіла месца (але пасля перапынку яна ў залу трапіла).

Палітвязень на пачатку пасяджэння прызнаў, што прысутнічаў на двух пратэсных маршах. Івулін дадаў, што абсалютна не разумее абвінавачанняў у іх арганізацыі.

У сезоне 2021 года Івулін паспрабаваў сябе як футбаліст у складзе клуба першай лігі "Крумкачы". Незадоўга да арышту ён забіў свой першы гол (на відэа).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.